ГАРАДЗЕНСКІЯ ЎЛАДЫ ПАРАЗУМЕЛІСЯ ЗЬ ЮДЭЙСКІМ АБ’ЯДНАНЬНЕМ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сустрэча старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі з кіраўніком юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Беларусі Юрыем Дорнам адбылася ў менскім офісе аб’яднаньня. Падпісанае пагадненьне з шасьці пунктаў. Яно датычыць рэканструкцыі стадыёну, які пабудаваны на зруйнаваных габрэйскіх могілках. Дагэтуль трывае скандал, паколькі разам з глебай з будоўлі вывезьлі і выкінулі чалавечыя парэшткі.

Юры Дорн мне паведаміў: дамоўлена аб галоўным—капаць зямлю на тэрыторыі стадыёну больш нельга. Гэта будзе зона асаблівага карыстаньня. Забароненае новае будаўніцтва. Увесь зьняты грунт павінны вярнуць на месца. Пашыраць недаробленую ўсходнюю трыбуну стадыёну ня будуць. Усе архіўныя матэрыялы, якія датычаць пахаваньняў на былых габрэйскіх могілках за 300 гадоў, улады перададуць юдэйскаму аб’яднаньню. Магчыма, што ўладам давядзецца зрабіць некаторыя зьмены ў праекце рэканструкцыі стадыёну, – зазначыў Юры Дорн.

Старшыня гарадзенскай габрэйскай грамады Міхаіл Корж успрыняў падпісанае пагадненьне без асаблівага энтузіязму. У яго выклікае непаразуменьне, чаму да гарадзенскіх габрэяў ніхто не зьвяртаўся і ня раіўся зь імі. Яны таксама спадзяваліся на ўдзел у размове і, паводле сп.Каржа, рыхтавалі прапанову для ўладаў:

(М.Корж:) “Зрабіць накшталт саркафагу на вуліцы Новай, куды былі вывезеныя парэшткі. Падраўняць грунт, заліць усё бэтонам і таксама нейкі памятны знак там усталяваць”.

Аднак кіраўнік юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня зь Менску Юры Дорн сказаў мне, што наконт вуліцы Новай ён сам дамовіўся вусна пры сустрэчы з кіраўніком гарадзенскага аблвыканкаму.