Беларуская венная акруга ад пачатку 60-ых мела асаблівы статус: разам з Прыбалтыйскай яна складала адзіны фронт на пэрыяд ваеннага становішча. Блізкасьць да заходніх межаў тлумачыла і вялізны вайсковы арсэнал, сканцэнтраваны па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Жнівеньскімі днямі 1968 году танкавая дывізія і некалькі паветраных эскадрыльляў у суправаджэньні спэцслужбаў у літаральным сэнсе кінулі свае "гаспадаркі" і поўным складам скіраваліся ў заходнім кірунку — супакойваць чэскую апазыцыю. Бацьку палітыка Сяргея Гайдукевіча пабудзілі а пятай раніцы і загадалі зьявіцца на службу.
(Гадукевіч:) "Празь 2 гадзіны ён ператэлефанаваў і сказаў: “Ад'язджаю ў камандзіроўку”. Свае ўражаньні пасьля вяртаньня хаваў. Але пра тоё-сеё распавядаў. Квітнела марадзёрства: білі руляй танка вітрыны крамаў, а потым аказвалася, што танк поўны ювелірных вырабаў, адзеньня. Сама кампанія прайшла вельмі цяжка. Многіх афіцэраў, якія не ўспрынялі пазыцыю сілы, як таго патрабаваў урад, з арміі напачатку 70-ых прыбралі. Натуральна, ніхто там не пратэставаў — маўляў, ня буду выконваць загад. Але працавалі асобыя аддзелы, якія мелі цэлыя штаты "сексотаў". Да адказнасьці прыцягвалі найперш афіцэраў, якія цікавіліся: з кім мы ваюем і што наогул тут робім? Для тых, хто адтуль вярнуўся, усё было горш за Віетнам: ніхто ня ведаў прычынаў апэрацыі, усё хавалася, заставалася ўнутры, і колькі я ні размаўляў з бацькам, ён Чэхаславаччыну ўзгадваць ня хоча".
Падпалкоўнік Уладзімер Нісьцюк часта бываў у Чэхаславаччыне ўжо пасьля аксамітнай рэвалюцыі ў якасьці інспэктара палітычнай управы: туды на пачатку 80-ых прыязджаў з Польшчы, куды таксама рыхтаваўся ўвод савецкіх войскаў.
(Нісьцюк:) "Я шмат размаўляў з чэхамі. І яны казалі: тое, што адбывалася ў 1988-89 гадах вельмі нагадвала тое, што было ў 68-м. Толькі танкі савецкія на палігоны ішлі ў калёне, а ў 68-м разварочваліся ў баявую лінію. Я добра памятаю 68-ы год, якраз быў у вайсковай вучэльні ў Акадэмгарадку ў Навасібірску; тады студэнты ўнівэрсытэту Навасібірскага выйшлі на вуліцы з патрабаваньнем вывесьці савецкія войскі. Мы, курсанты, не маглі ўголас іх падтрымаць, але разумелі: адбываецца нешта ня вельмі прывабнае. Было вельмі цяжка асэнсаваць, што патрэбна савецкім войскам у Чэхаславаччыне".
Цяперашні падыход да падзеяў 35-гадовай даўнасьці мала зьмяніўся. Кіраўнік Савету ветэранаў воінаў-інтэрнацыяналістаў Уладзімер Тоесцеў кажа, што спроба акупацыі дагэтуль прыраўнаная да "гуманітарнай дапамогі".
(Тоесцеў:) "Афіцыйна Чэхаславаччына не зьяўляецца краінай, дзе вяліся баявыя дзеяньні. Таму, паводле гістарычных даведак, гэта практычна ніяк і не адзначана: маўляў, былі нейкія непаразуменьні, і на прозьбу ўраду краіны Варшаўскай дамовы ўвялі туды свае войскі. Па вялікаму рахунку — аказалі "гуманітарную дапамогу". Па ўсіх краінах, дзе вяліся баявыя дзеяньні, існуе загад міністра абароны — гэта тычыцца як савецкіх часоў, так і цяперашніх. Гэта канфлікты, якія прыраўноўваюцца да баявых дзеяньняў на тэрыторыях іншых краінаў. Чэхаславаччыны ў гэтым сьпісе няма. Кубы няма. А вось Венгрыя ёсьць. Якімі крытэрыямі пры гэтым кіраваліся — незразумела".
Чэхаславаччына хоць яшчэ і доўга заставалася "зонай жыцьцёва важных інтарэсаў Савецкага Саюзу", аднак адыход ад прасавецкага лягеру заставаўся толькі справай часу. Праз 20 год пасьля аксамітнай рэвалюцыі нават "моцны савецкі кулак" ня здолеў нічога зрабіць супраць жаданьня народу пайсьці шляхам дэмакратыі.