Камітэт, які ўзначальвае Ўладзімер Колас, а ягонымі намесьнікамі з боку бацькоў ёсьць Рэгіна Зімніцкая, ад настаўнікаў Ірына Сідарэнка, а ад грамадзкасьці Валеры Мазынскі, вызначыў набыць усе неабходныя рэчы для навучаньня – падручнікі, дошкі, кнігі для аднаўленьня амаль згубленай бібліятэкі. Для гэтага вырашылі зьвярнуцца да беларускага грамадзтва з просьбай аб дапамозе. Цяпер да брамы ліцэю можа прыйсьці кожны жадаючы і прынесьці ліцэістам паперу, грошы, падручнікі і нават ежу тым, хто дзяжурыць.
Днямі будзе распаўсюджаны Зварот да беларусаў замежжа, у якім сябры Грамадзкага Камітэту зьвяртаюцца па дамамогу. Дарэчы, сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве накіравалі ліст у беларускую амбасаду, патрабуючы спыніць зьнішчэньне Нацыянальнага ліцэю.
Камітэт будзе супрацоўнічаць з палітычнымі партыямі. Сваю гатоўнасьць ужо выказалі лідэр “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч, лідэр АГП Анатоль Лябедзька і лідэр БНФ Вінцук Вячорка.
Валеры Мазынскі падрыхтуе ўрачыстую лінейку, якая адбудзецца 1 верасьня.
Сёньня працягнецца дзяжурства ля брамы ліцэю. Прадстаўнікі Камітэту пойдуць на прыём да новых прэм’ер-міністра і міністра адукацыі спадароў Сідорскага і Радзькова. Яны запісаліся на прыём яшчэ да таго, як прызначылі гэтых асобаў, таму невядома, ці прымуць іх. А Ўладзімер Колас наведае нямецкую, брытанскую, амэрыканскую і францускую амбасады. Яго менавіта на сёньня запрасілі туды амбасадары. Моладзь будзе працягваць зьбіраць подпісы. Учора ўвечары, нягледзячы на тое, што дзяжурствы прызначылі да 18 гадзіны, людзі доўгі час не разыходзіліся. Я заўважыла, што калі пару дзён таму можна было казаць пра тое, што людзі ахвотней ставяць свае подпісы, то цяпер многія нават адмыслова прыходзяць да брамы толькі каб паставіць свой подпіс. І гэта пры тым, што нязручна дабірацца, бо рэмантуюць дарогу на праспэкце Францішка Скарыны і трэба абыходзіць па вуліцах.