АГУЛЬНАБЕЛАРУСКIЯ “ДАЖЫНКI” МОГУЦЬ ПЕРАНЕСЬЦI НА КАСТРЫЧНIК

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Раённы цэнтар Пружаны па-ранейшаму нагадвае вялiкую будаўнiчую пляцоўку: мясцовыя жыхары называюць свой горад не iнакш як Багдадам. Рух транспарту па галоўных вулiцах абмежаваны, а каб пасьпець скончыць працу, абласныя ўлады загадалi накiраваць дадатковую колькасьць рабочых зь iншых арганiзацыяў Берасьцейшчыны. Цяпер у Пружанах адначасова працуюць ужо больш за 2 тысячы будаўнiкоў, якiм выплачваюць толькi 60% заробленых грошай.

Мясцовая вэртыкаль тлумачыць гэта тым, што агучаная раней сума — 200 мiльярдаў рублёў на падрыхтоўку “Дажынак” — скарацiлася да 60 мiльярдаў. Але i гэтыя грошы цалкам не пералiчаныя, таму вырашана адмовiцца ад добраўпарадкаваньня аддаленых ад цэнтру гораду вулiцаў, аб’ектаў сацыяльнай сфэры i жыльля. Гаворыць брыгадзiр баранавiцкiх будаўнiкоў, што праводзяць газ ды ваду ў хаты пружанцаў:

(Брыгадзiр: ) “Калi газазабесьпячэньне мы выканаем цалкам i ўвесь прыватны сэктар будзе падключаны да газу, дык з вадою ўсё iнакш — мы ня вырашым праблемы, каб ваду атрымалi праватныя хаты ва ўсiм горадзе. Асноўная прычына — адсутнасьць сродкаў на финансаваньне гэтай працы”.

Мясцовыя ўлады турбуе ня толькi недахоп грошай. Пружанскiя земляробы, як i большасьць iхных калегаў у рэгiёнах Беларусi, усё яшчэ працягваюць уборку — i тэрмiны яе завяршэньня прадказаць немагчыма. Нiзкiя тэмпы сёлетняга жніва i яго сьцiплыя вынiкi спарадзiлi чуткi, што як i тры гады таму, агульнабеларускiя “Дажынкi” не адбудуцца. Старшыня Пружанскага райвыканкаму Аляксандар Юркевiч спрабуе абвергнуць гэтае меркаваньне, але не выключае, што “Дажынкi” могуць адбыцца ажно ў кастрычнiку.

(Юркевiч: ) “Дата дажынак сёньня яшчэ ня вызначаная канкрэтна, i гэта ня мы вызначаем. Скажуць нам правесьцi 6 верасьня — правядзем, скажуць 19-га — таксама, а можа, скажуць 1 кастрычнiка. Гэта ўсё з шэрагу чутак”, — мяркуе кiраўнiк пружанскай вэртыкалi, якая штодня чакае паведамленьня пра дакладны тэрмiн правядзеньня “Дажынак”.