ГАБРЭЙСКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ПАБУДОВЫ СТАДЫЁНУ НА МЕСЦЫ МОГІЛАК

Юры Дракахруст, Прага

Паводле інфармацыі старшыні юдэйскага аб’яднаньня Беларусі Юрыя Дорна, на гэтых могілках пахавана каля 14 тысячаў чалавек. Юдэйскае аб’яднаньне лічыць недапушчальным пабудову падмурку стадыёну з надмагільных камянёў і выкарыстаньне для будоўлі зямлі, у якой ляжаць людзкія косьці. Паводле Юрыя Дорна, перамовы на гэты конт паміж кіраўніцтвам Гарадзенскай вобласьці і галоўным рабінам Беларусі Сэндэрам Урыцкім не прывялі да згоды. Старшыня юдэйскага аб’яднаньня заявіў, што гэтая непавага да рэлігійных і гістарычных сьвятыняў прымусіла шэраг габрэйскіх арганізацыяў зьвярнуцца да міжнароднай і эўрапейскай футбольных фэдэрацыяў з заклікам байкатаваць беларускіх футбалістаў. Паводле Юрыя Дорна, шэраг кангрэсмэнаў ЗША вырашыў зьвярнуцца ў міжнародны алімпійскі камітэт з заклікам байкатаваць Беларусь на наступных алімпійскіх гульнях, калі пабудова стадыёну ў Горадні на месцы могілак ня будзе спыненая.

Аднак варта адзначыць, што не паўсюль стаўленьне ўладаў да гістарычнай спадчыны, прынамсі, габрэйскай, такое, як у Горадні. На той жа Гарадзеншчыне, у Лідзе сёньня адчыняецца помнік лідзкім і віленскім габрэям, якія загінулі падчас другой усясьветнай вайны. Помнік усталяваны на адным зь месцаў пахаваньня ахвяр Галакосту — у Паўночным гарадку Ліды. Падчас нацысцкай акупацыі акупацыі Беларусі ў Лідзе было забіта больш за 8 тысяч габрэяў.