Першы крок да складаньня і ўзгадненьня адзінага сьпісу кандыдатаў на парлямэнцкія выбары ад пяці апазыцыйных партыяў быў зроблены хутка і без істотных складанасьцяў. Яшчэ паўтара месяца таму партыі пачалі вывучаць свае магчымасьці і адначасова кансультавацца з партнэрамі ў справе магчымага выбарчага блёку. 12 жніўня высьветлілася, што партыі здольныя вылучыць кандыдатаў у кожнай, без выключэньня, выбарчай акрузе, сьцьвярджае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “На сёньняшні дзень усе 110 акругаў “закрытыя”. Ёсьць, канечне, адрозьненьні, калі на сельскія акругі адзін-два прэтэндэнты, дык у гарадах ёсьць і па тры-чатыры патэнцыйныя кандыдаты. Выбіраць ёсьць з каго. Сёньня мы склалі агульную выбарчую мапу. Цяпер ведаем, дзе ў нас густа, а дзе трохі пуставата. Але цешыць тое, што ўжо на сёньняшні дзень можна гаварыць: у кожнай акрузе ёсьць патэнцыйны кандыдат”.
Цяпер у сьпісе больш за трыста патэнцыйных кандыдатаў. Зь іх, гаворыць Анатоль Лябедзька, трэба выбраць самых лепшых.
(Лябедзька: ) “На наступным паседжаньні будзем абмяркоўваць крытэры адбору гэтых людзей, таму што ў сьпісе іх на сёньняшні дзень мнагавата. Зараз нам патрэбна паглядзець, як усё ж зьменшыць гэты сьпіс, альбо, так скажам, расставіць па нейкім ранжыры нашых патэнцыйных кандыдатаў, каб на апошнім адрэзку выбарчай кампаніі застаўся самы моцны”.