БАГДАДЗКІЯ ЧУТКІ

Вольга Караткевіч, Прага

Газэта “International Herald Tribune” апублікавала артыкул на гэтую тэму. Журналіст Джон Тырней распавядае пра свае ўражаньні: калі амэрыканскі жаўнер высоўваецца з танка, які едзе па вуліцах Багдаду, узьнікае адно з самых распаўсюджаных тут пытаньняў: “Ці сонечным акулярам жаўнера не ўласьціва рэнтгенаўскае бачаньне?” Малады ірацкі студэнт Самэд Хамір гаворыць: “У такіх акулярах ён дакладна можа бачыць праз жаночае адзеньне. Гэта мяне абурае, мы баімся выпускаць нашыя сем’і на вуліцы”. Калі ж амэрыканцы не глядзяць на целы ірацкіх жанчынаў праз сонечныя акуляры, тады, гавораць у Іраку, яны абмацваюць жанчынаў у часе праверак на спэцыяльных пунктах.

Ірацкі пэнсыянэр-бухгальтар Хэкмэт Тыбэр Хасан усьміхаецца і гаворыць, што тое, што Садам Хусэйн працаваў на Амэрыку і цяпер знаходзіцца пад аховай ЦРУ – гэта проста беспадстаўная плётка. “Я ня веру, што Садам у Амэрыцы”, – зазначае Хасан, “Я чуў, што ён паехаў у Тэль-Авіў”.

Журналіст піша, што гэтыя зьявы – зразумелыя, па-першае, вялікая культурная розьніца, па-другое, пасьля жыцьця пад рэжымам Хусэйна людзі прывыклі да тэорыяў змовы і гатовыя верыць у самае горшае пра тых, хто ля ўлады. Амэрыканцы самі стварылі нешта кшталту легендаў, пачынаючы ад той, што іх будуць мірна вітаць жыхары Іраку з кветкамі ў руках. Але аказалася, што аўтаматаў больш, чым кветак.

Сярод распаўсюджаных легендаў – тое, што салдаты перамаглі дзякуючы здрадзе Хусэйна і амэрыканскім тэхналёгіям. А тэорыя пра сонечныя акуляры магла ўзьнікнуць праз паралелі з прыборамі начнога бачаньня.

Яшчэ адно перакананьне –амэрыканскія жаўнеры носяць бронекамізэлькі з кандыцыянэрам. Натуральна, калі параўнаць лёгкую свабодную адзежу іракцаў пры такой сьпёцы і камуфляж амэрыканцаў, паўстае пытаньне – як амэрыканцы вытрымліваюць гэта. Некаторыя іракцы гавораць, што жаўнеры прымаюць нейкія таблеткі, якія ахалоджваюць. Але самая распаўсюджаная тэорыя – гэта кандыцыянэры ў бронекамізэльках, шаломах і нават у бялізьне. Ня ўсе іракцы вераць гэтым тэорыям, але пра нешта такое думаюць, бо лічаць, што амэрыканцы не змаглі б перажыць гарачае багдадзкае лета.

Іракцы гавораць, што амэрыканскія салдаты п’юць піва ўнутры ў танках каля мячэтаў. Арабскі друк абвінавачвае вайскоўцаў у тым, што яны выкарыстоўваць паперу з Карана ў якасьці туалетнай і раздаюць дзецям цукеркі, абгорткі якіх утрымліваюць парнаграфію.

Многія задаюцца пытаньнем: чаму тыя, хто будуе супэрбомбы і акуляры з рэнтгенаўскім бачаньнем, так доўга аднаўляюць уладу ў параўнаньні зь дзеяньнямі Хусэйна ў 1996 годзе пасьля вайны ў Пэрсыдзкай затоцы?

Адна ірацкая дзяўчынка, якая надзела новыя сонечныя акуляры – пахвалілася: апошняя мадэль. На пытаньне, ці яна верыць, што акуляры даюць рэнтгенаўскае бачаньне, адказала: “Я ня ўпэўненая што да акуляраў, але ведаю пра іх шаломы – унутры кожнага ёсьць мапа, якая паказвае знаходжаньне кожнага дому ў Іраку. Так мне сказалі сябры ў школе”.