НОВЫМ ГАЛОЎНЫМ ТРЭНЭРАМ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ФУТБОЛЬНАЙ КАМАНДЫ БЕЛАРУСІ АБРАНЫ АНАТОЛЬ БАЙДАЧНЫ

Уладзімер Глод, Менск

Пераважна зь фінансавых прычынаў, замежныя адмыслоўцы з Украіны і Чэхіі не пагадзіліся ўзначальваць нацыянальную каманду Беларусі. У Менску вырашылі, што плаціць ад 20 да 40 тысячаў даляраў штомесяц, як запрасілі замежнікі, зашмат. Таму бюро Фэдэрацыі футболу, якое зьбіралася 7 жніўня, вымушанае было выбіраць прэтэндэнтаў зь вельмі вузкага кола трэнэраў. Спыніліся на Анатолі Байдачным, які цяпер ўзначальвае менскае “Дынама”. Спадар Байдачны даў згоду, але паставіў адну умову – да канца сёлятнега сэзону ён будзе сумяшчаць дзьве пасады: трэнэра зборной і трэнэра клюбу. З прапановой бюро выканкам пагадзіўся, і з 8 жніўня Анатоль Байдачны стаў новым галоўным трэнэрам нацыянальнай каманды Беларусі.

Сябра праўленьня Беларускага зьвязу спартоўцаў Уладзімер Абрамовіч наступным чынам тлумачыць абраньне менавіта Анатоля Байдачнага:

(Абрамовіч: ) “Нашыя трэнэры ўвогуле невысокай кваліфікацыі, таму і выбраць не было з каго. Байдачны зь іх самы лепшы. Гэта сьведчыць пра тое, што трэба хутчэй ствараць вышэйшую школу трэнэраў у Беларусі”.

Новы настаўнік беларускай каманды заявіў, што пры камплектаваньні новага калектыву будзе сыходзіць з двух прынцыпаў – майстэрства кожнага футбаліста і ягонага жаданьня выступаць за нацыянальную каманду. Калі хаця б аднаго з гэтых фактараў у кандыдата ня будзе, Байдачны паставіць на ім крыж. У адрозьненьне ад Эдуарда Малафеева, які запрашаў у каманду легіянэраў і гульцоў з чэмпіянату Беларусі, новы трэнэр бачыць яшчэ адну крыніцу папаўненьня каманды. Гэта, як ён сказаў, “гульцы славянскіх нацыянальнасьцяў, перш-наперш расейцы, якія не трапляюць у склад сваіх нацыянальных камандаў, але маглі б узмацніць каманду Беларусі. Байдачны не назваў канкрэтных прозвішчаў, але сказаў, што такія людзі ёсьць, і зараз ён ужо можа весьці зь імі адпаведныя перамовы.

Новы трэнэр сказаў таксама, што будзе заўжды ставіць перад сваімі выхаванцамі задачу-максымум. Найбліжэйшай з такіх, напрыклад, стане годна дайграць цяперашні цыкл пяршынства Эўропы.

У трэнэрскі штаб спадар Байдачны хоча ўключыць галоўнага мэнэджэра (ён ужо прапанаваў гэтую пасаду Міхаілу Вергяенку), а таксама галоўнага трэнэра моладзевай каманды (цяпер ім ёсьць Юры Пунтус).

На маё пытаньне, на якіх фінансавых умовах Анатоль Байдачны пагадзіўся трэніраваць нацыянальную каманду, адказ быў такім:

(Байдачны: ) “На тых жа самых, што і Эдуард Васільевіч Малафееў”.

20 жніўня нацыянальная каманда Беларусі правядзе пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнэра свой першы таварыскі матч. Супернікамі стануць спартоўцы Ірану.

Анатоль Байдачны – чацьверты настаўнік беларускай каманды. Да яго яе ўзначальвалі Сяргей Бароўскі, Міхаіл Вергяенка і Эдуард Малафееў.