ЗА НЕПРАДСТАЎЛЕНЬНЕ ДЭКЛЯРАЦЫЯЎ АБ ДАХОДАХ ФІЗЫЧНЫХ АСОБАЎ БУДУЦЬ КАРАЦЬ ВЯЛІКІМІ ШТРАФАМІ І КАНФІСКАЦЫЯЙ МАЁМАСЬЦІ

Ігар Карней, Менск

Указ набудзе моц толькі праз 10 дзён, таму цягам гэтага тэрміну ў падатковых органах чакаюць наплыву кліентаў. Як сказаў мне адзін з супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі, лепей заплаціць даўгі цяпер, чым у самай блізкай пэрспэктыве разьвітацца з маёмасьцю.

Новыя санкцыі да тых, хто паводле розных прычынаў нерэгулярна наведвае падатковую інспэкцыю, залежаць ад памераў даходаў ці незадэкляраванай маёмасьці. На першы раз — гэта штрафы да 50 базавых велічынь (адна базавая велічыня — 14 тысячаў рублёў). У выпадку рэцэдыву плянка можа падскочыць да ста базавых велічыняў, а незадэкляраваная маёмасьць будзе канфіскаваная ў даход дзяржавы. Да таго ж, істотна пашыраецца кола тых, хто можа накладаць санкцыі. Калі раней зь фізычнымі асобамі працавалі выключна падатковыя інспэкцыі, то цяпер правам караць надзеленыя органы Дзяржкантролю, камітэты фінансавых расьледаваньняў і органы ўнутраных справаў. Эканаміст Валеры Дашкевіч мяркуе, што зьяўленьне ўказу наагул ініцыяванае ў кабінэтах Дзяржкантролю:

(Дашкевіч: ) "Многія пункты ўказу раней наагул былі неадрэгуляваныя. Хутчэй за ўсё, гэта камітэт Дзяржкантролю падрыхтаваў праект указу, каб лягчэй было яму працаваць, паколькі камітэт Дзяржаўнага кантролю раней ня мог накладаць санкцыі, складаць пратаколы. Наагул жа ўказ, у які ўнесеныя зьмены, — гэта дэкрэт ад 1996 году №209. Тады яшчэ не існавала камітэту Дзяржкантролю. Зараз жа у кожным пункце ёсьць органы дзяржаўнага кіраваньня, якія маюць права ўжываць санкцыі, накладаць штрафы і г.д."

(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, поле дзейнасьці камітэту Дзяржкантролю істотна пашыраецца?"

(Дашкевіч: ) "Так, паколькі ў першым дэкрэце яго наагул не было. А што тычыцца памераў штрафаў, то яны сапраўды ўзрасьлі, але трэба заўважыць, што няма ніводнай санкцыі, зьвязанай з турэмным зьняволеньнем. Выключна грашовыя пакараньні".

Найбольшую рэакцыю ўказ выклікаў у асяродку індывідуальных прадпрымальнікаў. Людзі кажуць, што дзяржава ніколі ня ставілася да іх прыхільна, а зараз спрабуе застрашыць новымі пэрспэктывамі пакараньня. Вось што з гэтай нагоды гаворыць адзін з актывістаў прадпрымальніцкага аб'яднаньня "Пэрспэктыва" Глеб Багамолаў6

(Багамолаў: ) "Шмат якія рэчы, якія робяцца дзяржавай у справе прыняцьця розных нарматыўных актаў, з разумнага гледзішча невытлумачальныя. Прадпрымальнікі і дагэтуль моцна цярпелі, а калі санкцыі чарговым разам робяцца больш жорсткімі, то чакаць паслабленьняў зноў не выпадае. Дарэчы, намі і дагэтуль Дзяржкантроль актыўна займаўся і меў права накладаць санкцыі разам з астатнімі органамі кантролю".

Не ў захапленьні ад новых захадаў і дзяржаўныя чыноўнікі. Паводле ўказу, непрадстаўленьне дэклярацыі аб даходах і маёмасьці зьяўляецца падставай для адмовы ў прызначэньні на пасаду і прыцягненьня да дысцыплінарнай адказнасьці з далейшым звальненьнем з працы.