Раніцай ліцэісты і іх бацькі сабраліся ля зачыненай брамы ў двор ліцэю. Міліцыянты з двара крыкнулі бацькам, што нікога ня пусьцяць нават у двор. Праз дарогу насупраць брамы стаяў аўтобус, на якім прывезьлі амонаўцаў. Ліцэісты паспрабавалі прайсьці з вуліцы К.Маркса, але там, дзе раней быў праход, іх сустрэла барыкада. Праход забілі дошкамі, абвязалі калючым дротам, а зьверху насыпалі бітае шкло. Усё гэтае збудаваньне аблілі машынным алеем.
Сваімі ўражаньнямі з Радыё Свабода падзялілася ліцэістка Натальля Базылевіч:
(Базылевіч: ) “Выштурхнулі нас. Мы тады вырашылі прайсьці празь іншы ўваход. Там у дворыку ёсьць з боку будынка дзірка ў плоце. Мы раней празь яе лазілі, бо зручна было і цікава. Але толькі мы прайшлі ў гэты дворык, як адразу наступілі на дошкі зь цьвікамі. Папратыкалі абутак сабе, але пайшлі далей, але й там усё палілі машынным алеем і зьверху насыпалі шкло. Маглі парэзацца… Я лічу, што гэта зьдзек”.
Выкладчык ліцэю Ігар Войніч прайшоў на працу ў ліцэй разам з чыноўнікамі міністэрства.
(Войніч: ) “Яны паднялі шум, маўляў, што гэта такое, чаму нікога няма на працы? Там нейкі чалавек. Ён, відаць, інжынэр. Правярае будынак на нейкія там апоры. Ён казаў мне, што, на ягоную думку, тут можна вучыцца. Рамонт патрабуецца, але не такі глябальны, як пісалі ў дзяржаўным друку”.
Журналістаў міліцыянты не пускалі ў двор ліцэю, спасылаючыся на нейкі загад. Ніякія аргумэнты не паўплывалі на рашэньне міліцыянтаў. Але калі журналістка газэты “Советская Белоруссія” Марына Бяляцкая паказала міліцыянтам сваё пасьведчаньне, тыя паглядзелі ў нейкі друкаваны сьпіс і яе прапусьцілі разам з фотакарэспандэнтам газэты.
А другой гадзіне прыехалі выкладчыкі і прадстаўнікі бацькоўскай рады з круглага стала, які праводзіла рэдакцыя “Народнай Волі”. Ніводзін чыноўнік не прыйшоў паслухаць бацькоў і выказаць свой погляд. Гаворыць Уладзімер Колас:
(Колас: ) “Я зрабіў для сябе выснову, што ўсе гэтыя людзі даволі падрыхтаваныя, разумныя. Весьці дыялёг шляхам выказваньня нейкіх асэнсаваных аргумэнтаў тут немагчыма. Адзіны толькі аргумэнт нам прад’явілі ўчора і сёньня – гэта АМОН, за які яны ўсе хаваюцца. Гэта грубая сіла, гэта запалохваньне людзей уладай замест таго, каб гэтым людзям служыць. Гэта, напэўна, і ёсьць сутнасьць нашай улады, на вялікі жаль”.
Бацькі наведалі Дэпартамэнт аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі. Будынак, у якім месьціцца ліцэй, пабудаваны ў ХІХ стагодзьдзі і зьяўляецца гістарычным помнікам. Старшыня дэпартамэнту Васіль Абламскі запэўніў бацькоў ў тым, што ніхто не зьвяртаўся па дазвол на правядзеньне будаўнічых работ. У дэпартамэнце паабяцалі, што 8 жніўня экспэрты павінны даць заключэньне наконт неабходнасьці рамонту.
Калектыў ліцэю непакоіцца за лёс бібліятэкі. Амонаўцы не пусьцілі ў двор ліцэю загадчыцу бібліятэкі. У выніку чыноўнікі з камітэту адукацыі, якія былі ў будынку, распарадзіліся зачыніць дзьверы бібліятэкі і нічога не апісваць. Яны паведамілі, што, магчыма, 26 жніўня прыйдуць і пачнуць працаваць. Да гэтага часу ў будынку будуць рабіць рамонт, а кнігі застануцца без нагляду.
8 жніўня бацькі правядуць бацькоўскі сход на вуліцы. Яны будуць вырашаць, што рабіць далей.