ПЯТАЯ ЧАСТКА ПРАЦАЎНІКОЎ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ ЖЫВЕ ЗА РЫСАЙ ГАЛЕЧЫ

Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Управа статыстыкі дасьледавала заробкі амаль паўмільёну чалавек, якія працуюць на прамысловых прадпрыемствах, у будаўніцтве, сельскай гаспадарцы ды іншых галінах. Аналізаваліся травеньскія заробкі — рысай галечы ў гэты час браўся даход меншы за 102 тысячы рублёў.

Распавядае намесьніца начальніка абласной управы статыстыкі Сьвятлана Карчак:

(Карчак: ) “У цэлым у вобласьці 18% працаўнікоў атрымалі заробак ніжэй за гэтую рысу галечы. Што датычна вяскоўцаў, то тут больш за 50% працаўнікоў мелі заробак, ніжэйшы за згаданую суму”.

Паводле словаў спадарыні Карчак, за рысай галечы, маючы працу, жывуць таксама 40% працаўнікоў бытавога абслугоўваньня, 26% — прадстаўнікоў культуры і мастацтва, 20% — настаўнікаў і выхавацеляў.

Рэальны заробак за пяць месяцаў сёлета падвысіўся ў параўнанні зь леташнім на 0,2%. Вось што кажа жыхарка абласнога цэнтру, маці дваіх дзяцей Надзея Раманюга:

(Раманюга: ) “Калі няма добрага заробку, то што нам рабіць? У каго патрабаваць? Я вось працую і атрымліваю 120 тысяч рублёў за месяц. Хаця б 500 тысяч, мінімум! За 120 тысяч што я магу купіць? Бульбы якой наварылі, агуркоў слоік адкрылі, салаты якой — і паелі. Перабіваемся!”

Вёска таксама прызвычаілася да свайго гаротнага становішча і спакваля вяртаецца да натуральнай гаспадаркі. Сваімі назіраньнямі дзеліцца настаўнік зь вёскі Вуць Добрускага раёну Адам Валынец:

(Валынец: ) “Цяпер вёска пераходзіць на натуральную гаспадарку. Раней быў першабытны лад, цяпер нешта блізкае да гэтага робіцца. Людзі зьняверыліся і ня ведаюць, як усё гэта зьмяніць. Яны стараюцца выжыць за кошт сваёй падсобнай гаспадаркі”.

Між тым, у рэгіёне ёсьць паўтары тысячы чалавек, месячны заробак якіх перавышае 1 мільён беларускіх рублёў. Прыкладна палова такіх занятыя на прамысловых прадпрыемствах, частка — у будаўніцтве, на транспарце, у банках. Сярод мясцовых мільянэраў — 20 прадстаўнікоў кіроўнага зьвяна і 8 — сельскай гаспадаркі.