"ПРАВАВАЯ ДАПАМОГА НАСЕЛЬНІЦТВУ" МОЖА БЫЦЬ ЛІКВІДАВАНАЯ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Алег Воўчак паведаміў, што 2 жніўня атрымаў позву зь Менскага гарадзкога суду. У ёй судзьдзя Натальля Жупікава прапануе яму зьявіцца 8 жніўня ў суд, дзе будзе разгледжанае пытаньне ліквідацыі "Прававой дапамогі насельніцтву". Алег Воўчак не выключае, што афіцыйнай прычынай ліквідацыі ягонай арганізацыі, якая існуе ўжо 5 гадоў, стала нейкае таемнае папярэджаньне, вынесенае "Прававой дапамозе насельніцтву" Міністэрствам юстыцыі. Першае такое папярэджаньне арганізацыя атрымала летась, за нібыта незаконную дзейнасьць супрацоўнікаў, якія прадстаўлялі ў судах інтарэсы грамадзянаў.

Алег Воўчак лічыць, што ягоная арганізацыя, хутчэй за ўсё, будзе закрытая гэтак жа, як былі ліквідаваныя нядаўна віцебскі "Контур", гомельскія "Грамадзянскія ініцыятывы" ды іншыя недзяржаўныя арганізацыі.