ЖНІВУ НАДАЕЦЦА СТАТУС ІДЭАЛЯГІЧНАЙ КАМПАНІІ

Ігар Карней, Менск

Ці сапраўды звычайнай уборцы ўраджаю спрабуюць прышчапіць прапагандысцкі статус? Няўжо нехта яшчэ ў Беларусі верыць, што ад таго, што непасрэдна на полі камбайнэр прачытае газэту “Советская Белоруссия” павялічыцца ўраджай? Ня ведаю, як самі земляробы і мэханізатары, але высокае чынавенства, здаецца, верыць.

Усе аблвыканкамы атрымалі ўрадавы загад, асноўная мэта якога сфармуляваная наступным чынам: “Ажыцьцявіць комплекс мерапрыемстваў у ідэалягічным і культурным забесьпячэньні ўборачнай кампаніі”. Пра тое, што гэта ня мыльныя бурбалкі, сьведчыць размах ідэалягічных захадаў. Толькі ў Менскай вобласьці ў гэтай працы будуць задзейнічаныя 22 рэгіянальныя штабы, 127 раённых і 337 сельскіх інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў. Сярод задачаў гэтых ударных батальёнаў — каардынацыя ідэалягічнай працы, інфармаваньне ўдзельнікаў жніва пра найважнейшыя падзеі ў жыцьці краіны і за яе межамі.

Упершыню непасрэдна да камбайнаў будуць дастаўляць друкаваныя выданьні — вось толькі ня ведаю, ці заплянаваныя чытаньні ўголас перадавіцаў “Советской Белоруссии”. Але кульмінацыяй ідэалягічнай кампаніі, мяркуецца, стане ўтварэньне ў райвыканкамах прэсавых цэнтраў, дзе будуць зьбірацца справаздачы пра посьпехі ў патрыятычным выхаваньні кіроўцаў і мэханізатараў. Такім чынам, колькасьць працаўнікоў на калгасных нівах істотна павялічыцца. Хтосьці будзе жаць, а хтосьці на трубе граць.

Падаецца, Беларусі беспрацоўе не пагражае. Вось толькі цяжка паверыць, што гэта адбываецца ў сучасным сьвеце. Актыўнасьць беларускіх прапагандыстаў ужо перавышае нават савецкі досьвед.

Наколькі я памятаю дзіцячыя ўражаньні ад жніва (а ўлетку ў вёсцы дзеці зазвычай бавяцца ля зернятокаў ці камбайнаў), дык ушанаваньне перадавікоў звычайна адбывалася пасьля “бітвы за ўраджай”. Вывешваліся здымкі новых пераможцаў сацыялістычных спаборніцтваў на дошцы гонару, а ў часе дажынкаў удзельнікам жніва раздаваліся шахматы ды гадзіньнікі. Прынамсі, ніхто газэту “Праўда” на палі не вазіў.

Сёлета ў плянах інфармацыйна-прапагандысцкай працы райвыканкамаў адно з прыярытэтных месцаў займае выкарыстаньне розных формаў апэратыўнай нагляднай агітацыі — “Баявых лісткоў”, “Маланак”, “Інфармацыйных бюлетэняў”. Рэкамэндуецца рабіць акцэнт на сацыяльную сатыру — выводзіць на чыстую ваду п’яніцаў, гультаёў і наогул усіх, хто не разумее значнасьці жніва па-беларуску.

І калі з выкрыцьцём адмоўных бакоў збольшага зразумела — вяртаюцца “Баявыя лісткі”, то якія заплянаваныя заахвочваньні — зноў шахматы і гадзіньнікі?

Такое ўражаньне, што ад пачатку ідэалягічныя стратэгі жніва арыентаваліся на нэгатыў, таму пра заахвочваньні і забыліся. Прынамсі, у памянёным дакумэнце гаворыцца толькі пра адну форму ўшанаваньня перадавікоў: “У райцэнтрах і ў цэнтральных сядзібах гаспадарак штодня ў гонар перадавікоў жніва ўздымаць сьцягі працоўнай славы”. Зрэшты, раней у якасьці маральнага заахвочаньня вельмі папулярныя былі ганаровыя граматы. Відаць, іхная рэанімацыя таксама не за гарамі — як толькі ў Шклове збудуюць папяровую фабрыку.