БЕЛАРУСКІЯ КЛІНІКІ АТРЫМАЮЦЬ ДАПАМОГУ АД АМЭРЫКАНСКІХ ФАРМАЦЭЎТЫЧНЫХ ФІРМАЎ

Любоў Лунёва, Менск

Амбасадар ЗША Майкл Козак сустракаў авіярэйс у аэрапорце “Менск-2”. Ён паведаміў, што з 1992 года ЗША паставілі ў Беларусь гуманітарную дапамогу больш як на 200 мільёнаў даляраў, а Дзярждэпартамэнт ЗША прафінансаваў 35 мэдычных авіярэйсаў. Толькі летась сума гуманітарнай дапамогі склала больш за 28 мільёнаў даляраў.

Сьвятар Пол Мур, старшыня арганізацыі “City Hope International” апошнія дванаццаць гадоў у межах сваёй кампаніі “Дай надзею” даставіў мэдычнай дапамогі коштам на 39 мільёнаў даляраў. Гэтым разам за разьмеркаваньнем дапамогі будзе сачыць доктар Джозэф Пэрвіс, мэдычны дырэктар у анкалёгіі вядомай кампаніі “AstraZeneca”. Апроч таго, ён будзе чытаць курс лекцыяў для беларускіх мэдыкаў.

Амэрыканцы з жалем канстатавалі, што сытуацыя ў галіне аховы здароўя істотна не паляпшаецца. Мэдыкі працуюць у вельмі цяжкіх умовах, калі часам не хапае нават самага неабходнага. Адмыслоўцы пагаджаюцца, што дынаміка росту анкалягічных захворваньняў сярод насельніцтва абумоўленая таксама і экалягічнай сытуацыяй, зьвязанай з Чарнобыльскай катастрофай, і таму неабходныя навуковыя дасьледаваньні.

Тое, што вядомы ў сьвеце вучоны, прафэсар Бандажэўскі, які вывучаў узьдзеяньне забруджаных харчоў на арганізм чалавека, утрымліваецца за кратамі, мэдыкі пракамэнтаваць не змаглі. На пытаньне адказаў амбасадар ЗША Майкл Козак. Ён спаслаўся на тое, што пытаньне наконт прафэсара Бандажэўскага ўключанае ў даклад Дзярждэпартамэнту ЗША аб правах чалавека. Спадар Козак дадаў:

(Козак: ) “Я хачу адзначыць, што ў межах гуманітарнай дапамогі, якую Злучаныя Штаты аказваюць Беларусі, ёсьць дапамога, скіраваная менавіта на правядзеньне дасьледаваньняў, зьвязаных з узьдзеяньнем наступстваў Чарнобыльскай катастрофы на здароўе людзей. Мы супрацоўнічаем зь Міністэрствам аховы здароўя. Ёсьць адмысловая праграма, каб высьветліць, да якіх вынікаў прыводзіць радыяцыйнае ўзьдзеяньне. І ў гэтай сфэры ў нас ёсьць цяжкасьці. Гэта і намер ураду перанесьці навукова-дасьледчыя ўстановы ў іншыя часткі краіны, і непрыманьне да ўвагі ўзьдзеяньня радыяцыі непасрэдна для вывучэньня. Але мы будзем працаваць у гэтым кірунку, каб гэтыя дасьледаваньні працягваліся. Калі яны будуць працягвацца, то стануць вялікім унёскам ва ўсясьветныя дасьледаваньні, зьвязаныя з радыяцыйным узьдзеяньнем”.

Амбасадар Майкл Козак зазначыў, што ЗША і надалей будуць дапамагаць лекамі і грашыма, нягледзячы на бюракратычныя перашкоды, зьвязаныя з дастаўкай гуманітарных грузаў у Беларусь.