ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ З ПРОСЬБАЙ ВЫЗВАЛІЦЬ ПРАФЭСАРА БАНДАЖЭЎСКАГА ЎВА ФРАНЦЫІ ПАДПІСАЛІ 10 ТЫСЯЧАЎ ГРАМАДЗЯНАЎ

Юры Дракахруст, Прага

У 2001 годзе прафэсар Юры Бандажэўскі быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Крымінальную справу прафэсара разглядаў Вярхоўны суд Беларусі. Скаргі асуджанага па сутнасьці не разглядаліся, і ўсе пытаньні да беларускага правасудзьдзя Бандажэўскаму давялося задаваць праз камісію ААН па правох чалавека. Згодна працэдуры разгляду скаргаў у ААН, усе пытаньні, пастаўленыя ў скарзе, пераадрасоўваюцца беларускім дзяржаўным структурам: суду і пракуратуры. Тыя павінны адказаць, нягледзячы на тое, што пытаньні могуць быць ім непрыемныя.

Пасьля ўсе дакумэнты будуць вывучацца на паседжаньні камісіі, якая і павінна даць адказ, ці парушаныя пры правядзеньні папярэдняга й судовага сьледзтва правы Бандажэўскага як чалавека й грамадзяніна. Калі адказ будзе станоўчым, то гэта аўтаматычна азначае неправамоцнасьць прысуду, бо згодна з Канстытуцыяй у яго аснову ня могуць быць пакладзеныя доказы, атрыманыя з парушэньнем закону. Працэдура разгляду скаргі цягнецца адзін год.

Тым часам ува Францыі 10 тысячаў грамадзянаў паставілі свае подпісы пад зваротам да беларускіх уладаў з просьбай аб вызваленьні навукоўца. У найбліжэйшы час гэты дакумэнт будзе накіраваны беларускім уладам.