Калі за савецкім часам пасьпяховае жніво ў Беларусі перадусім клалася на плечы калгаснага сялянства, то з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі да бітваў за ўраджай у масавым парадку далучаныя і гарадзкія чыноўнікі. Штогоду патрабаваньні да кабінэтных супрацоўнікаў робяцца ўсё больш жорсткімі: клеркам загадана пільна сачыць за зводкамі з калгасных франтоў; ім катэгарычна забараняецца далёка адыходзіць ад сэлектару, і наогул заўсёды быць гатовымі рынуцца на арэну дзеяньняў.
Што да адпачынку, то пра яго ўзгадваць забаронена наогул. У Берасьцейскім упраўленьні аблсельгасхарчу кажуць, што дадому супрацоўнікі зьяўляюцца, толькі пераначаваць.
(Супрацоўніца аблвыканкаму: ) “Так, людзі працуюць увесь дзень, потым яшчэ застаюцца пасьля працы, дзяжураць — найперш, дыспэчары, бугальтары, у прыёмных. Але ў нас і дагэтуль усе працавалі да дзявятай-дзясятай увечары. Начальства нашае таксама раней дзясятай не сыходзіць”.
Тым часам, старшыні калгасаў, дзе ідзе жніво, загад аб пераходзе на 18-гадзінны працоўны дзень успрынялі па-філязофску — канстатуюць, што ў вёсцы так працуюць заўсёды.
(Старшыня калгасу з Гарадзеншчыны: ) “Натуральна, цяжка вытрымаць столькі гадзінаў. Але ж гэта ня кожны дзень. Ад сілы два тыдні жніво, таму і аўрал такі. У мяне, прыкладам, працоўны дзень ад сёмай раніцы да дзявятай вечара. Але ў сельскай мясцовасьці заўсёды так было — калі распачынаюцца пэрыядныя работы, то трэба працаваць дапазна. Бо дождж прайшоў — усё, дзень стаім”.
Некаторыя кіраўнікі гаспадарак стварэньне апэратыўных штабоў, прызначэньні адказных за жніво чыноўнікаў, забарону на выезд нават у суседнія раёны называюць ня меней як імітацыяй працы гарадзкіх службоўцаў, якая мала хвалюе саміх сялянаў. Старшыня калгасу “Памежнік” Берасьцейскага раёну Віктар Верамейчык упэўнены, што сяляне самі ведаюць, калі і як жаць, і што ўрадавымі пастановамі нікога працаваць не прымусіш. Да таго ж, мала хто з чыноўнікаў мае рэальны досьвед працы ў сельскай гаспадарцы.
(Верамейчык: ) “Усё разьлічана, скажу так, на прафанаў. Абы што гавораць. Мы, прыкладам, у суботу ўжо дажынкі ладзім. Раён у панядзелак 100-адсоткава жніво завяршае. А яны яшчэ гэтак званую прэзыдэнцкую плянэрку не праводзілі, бо спазьняюцца за падзеямі, як паказвае досьвед, дзён на 15 мінімум. Дык мы што, зьбярэмся на іхную плянэрку і будзем прыдуркавата ўсьміхацца, як яны пачнуць распавядаць, што нехта ў Сыбіры адмарозіў яйцы? Цуд нейкі, адным словам. Інакш працаваць трэба — ня толькі з кабінэту праз шыбу пазіраць, а часам прыяжджаць, глядзець, што насамрэч адбываецца. Чыноўнічкі — ну што зь імі зробіш”.
Тым часам калгасы застаюцца сам-насам з традыцыйнымі праблемамі: дэфіцытам гэтак званых ГСМ (паліўна-змазачных матэрыялаў), рэалізацыяй нядрэннага сёлетняга ўраджаю, своечасовых грашовых разьлікаў. І амаль ніхто на вёсцы ня верыць, што стварэньне апэратыўных штабоў гэтыя праблемы вырашыць. Затое перакананыя ў іншым — у росьце колькасьці надзвычайных сэлектарных нарадаў.