“IQ 48: МУЗЫКА З РОЗУМАМ”

Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Днямі на Беласточчыне адбыўся чарговы фэстываль маладой беларускай музыкі “Басовішча”. Гэта своеасаблівая Мэка айчынных выканаўцаў папулярнай музыкі і практычна адзіны, па-за “Рок-каранацыяй”, музычны фэстываль, на якім маюць магчымасьць паказацца даволі шырокай аўдыторыі маладыя калектывы, у тым ліку й тыя, у каго за плячыма, як кажуць, часта няма нават ніводнай больш-менш прыстойнай фанаграмы.

Сёлета, як заўсёды, журы вызначыла пераможцаў у конкурснай частцы “Басовішча”. І, зноў жа, як заўсёды, сярод лепшых апынуліся калектывы, якія яшчэ мала вядомыя ў сябе на радзіме. Гэта берасьцейскі калектыў “Сьцяна” і два менскія — група “IQ 48” і “Indigo”. Мы паспрабуем нешта даведацца пра беларускую папулярную моладзь. Прынамсі, пра групу “IQ 48”, да ўдзельнікаў якой я вырашыў зьвярнуцца з пытаньнямі. Пагутарым з музыкантамі групы з разумнай такой назваю “IQ 48” — гэта лідэр калектыву, аўтар словаў да большасьці песень Павал, ён жа Фройд, Зыгмантовіч і гітарыст Яўген Бузоўскі.

Калі я толькі не памыляюся, назва вашага калектыву мае дачыненьне да каэфіцыенту разумовага патэнцыялу? А чаму ж вы так невысока сябе ацанілі?”

(Павал Зыгмантовіч: ) “Што тычыцца назвы гурта, дык гэта нашае любімае пытаньне. Мы адмыслова зрабілі такую назву, каб народ, і найперш журналісты, пыталіся: а чаму ж так? А мае дачыненьне яна да маёй прафэсіі: я скончыў факультэт псыхалёгіі Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. І калі мы шукалі назву для нашага гурта, я пачуў вось гэтае спалучэньне “IQ 48”, якое азначала людзей, якія заўсёды вясёлыя і шчасьлівыя. Калі людзі з такім IQ вельмі вясёлыя, дык чаму б нам ня ўзяць гэты каэфіцыент за назву гурта?”

(Падбярэскі: ) “Але ж каэфіцыент гэты невысокі…”

(Зыгмантовіч: ) “Невысокі!”

(Падбярэскі: ) “Тут ужо закладзеная нейкая бомба. Хоць бы таму, што людзі вясёлыя — яны звычайна людзі і недалёкія”.

(Зыгмантовіч: ) “Таму мы і не задумваемся над нейкімі глябальнымі ідэямі, а проста робім вясёлую музыку”.

(Падбярэскі: ) “Павал! Пачынаўся гэты ваш праект у 2001 годзе як праект амаль цалкам віртуальны, і толькі адносна нядаўна “IQ 48” пачалі выступаць як група жывая. Паслухаўшы вашыя дзьве фанаграмы, я пачуў у музыцы безумоўны водгалас старой традыцыі вулічнага гарадзкога музыкаваньня, выразныя водгаласы гіп-гопу, а ўсё гэта разам замяшаная на адчувальнай фанкавай рытміцы. Ці так гэта? На што вы найперш арыентуецеся?”

(Яўген Бузоўскі: ) “Арыентуемся мы, па-першае, на заходнія калектывы, такія пазытыўныя як “Red Hot Chilli Peppers”, “Manu Chao”, “Molotov”, з нашых айчынных — “Ляпис Трубецкой”, “Леприконсы”.

(Зыгмантовіч: ) “Верка Сярдзючка… На форуме “Наша музыка”, што на tut.by, дзе абмяркоўваюць наш удзел у гэтым праекце файным, сказалі, што мы клон “Леприконсов”. Хоць чаму — мы ня ведаем. Акрамя таго, што ў нас іграе Косьця — басіст былых “Леприконсов”, мы больш сувязі ня бачым. Ну, можа песьні: у нас “Таполі”, і ў іх “Тополя”.

(Падбярэскі: ) “Ты, Яўген, сярод тых, на каго вы арыентуецеся, назваў, з аднаго боку, “Red Hot Chilli Peppers”, а ты, спадар Фройд, сьцьвярджаеш, што і Верка Сярдзючка. Па-мойму, вы спрабуеце сумясьціць несумяшчальнае”.

(Зыгмантовіч: ) “Я б так не казаў. Справа вось у чым: “Red Hot Chilli Peppers” — гэта клясны фанк, клясныя музыкі, тэхніка ігры і гэтак далей. А Сярдзючка — гэта настрой, непасрэднасьць, гэта гумар, і ад яе мы бярэм вось менавіта гэта”.

(Падбярэскі: ) “Я нездарма пачуў у вашай музыцы менавіта фанкавую аснову…”

(Зыгмантовіч: ) “Фанк мы ўзялі таму, што гэта вясёлая музыка. Я ніколі сумных песень ня чуў з фанкавымі рытмамі”.

(Падбярэскі: ) “Але ж фанк — гэта, прабач, усё ж адгалінаваньне блюзу”.

(Зыгмантовіч: ) “Магчыма, мы і іграем такі вясёлы сучасны блюз”.

(Падбярэскі: ) “Вашае выступленьне на “Басовішчы” журы адзначыла прызам БАСу — Беларускага аб’яднаньня студэнтаў. А якія агульныя ўражаньні ад гэтага фэстывалю?”

(Бузоўскі: ) “Уражаньні… Ба-бах!!! Вось так!”

(Зыгмантовіч: ) “Фэст вельмі файны. Па-першае — гук. Па-другое — вялікая сцэна, асьвятляльная апаратура добрая. Стаўленьне да музыкаў з боку арганізатараў”.

(Бузоўскі: ) “Паводзіны аховы — гэта наогул нешта!”

(Зыгмантовіч: ) “Ніхто ня мог нацешыцца на працу аховы. Бо было проста супэр!”

(Падбярэскі: ) “Розьніца, як кажуць…”

(Зыгмантовіч: ) “Калясальная! Гэта было адразу Эўропа, а ў нас…”

(Падбярэскі: ) “Ці пачулі вы для сябе нешта новае там?”

(Бузоўскі: ) “Я вось пазначыў для сябе зусім малады менскі гурт “Аніма”. Такая музыка: дзяўчына сьпявае ў фальклёрнай манеры, а музыкі выконваюць нешта тыпу нью-мэтал. Уражаньне на ўвесь наш гурт зрабіла вельмі моцнае”.

(Зыгмантовіч: ) “Вынікам гэтага ўражаньня стала тое, што мы робім зь імі сумесную кампазыцыю”.

(Падбярэскі: ) “Гэта вельмі прыемна, што паездка на такія фэстывалі выклікае найперш, што самае карыснае, кантакты паміж музыкантамі розных калектываў. Ці не адчуваеце вы пэўнага ўціску з боку тых жа нашых “монстраў”, якія на тым жа “Басовішчы” выступалі ў якасьці гасьцей? Толькі “ўціск” у добрым сэнсе”.

(Зыгмантовіч: ) “У любым сэнсе!.. Я атрымаў шмат асалоды, калі на “Басовішчы” на нармалёвым гуку паслухаў “NRM”, “Краму”. Я нават сам пайшоў у натоўп і трохі паскакаў. Гэта людзі, якіх мы паважаем, чыю музыку мы слухаем, і неяк выступаць супраць іх было б ну дзіўна проста! Гэта аўтарытэты, на якіх я асабіста раўняюся”.

(Падбярэскі: ) “Звычайна ў дзяцей — а вы, прабачце, у музыцы яшчэ дзеці — цікавяцца, кім яны хочуць быць, калі вырастуць. Кім хоча стаць група “IQ 48”, хто для вас наогул аўтарытэт у музыцы?”

(Зыгмантовіч: ) “О! Шмат аўтарытэтаў! Ну, “Песьняры”. 40 мільёнаў выдадзеных плытак — гэта крута!”

(Бузоўскі: ) “Мне вельмі падабаецца такі хлопчык як Саша Памідораў. Дзякуй вялікі яму за падтрымку на “Басовішчы”, ён за сцэнай так перажываў, пакуль мы сьпявалі. Гэта было прыемна. Каля ў мяне адключылася “прымочка”, ён выбег на сцэну, нешта спрабаваў зрабіць”.

(Падбярэскі: ) “Давайце паслухаем сьведку сёлетніх падзеяў на “Басовішчы” Аляксандра Памідорава”.

(Аляксандар Памідораў: ) “IQ 48” вельмі выгадна адрозьніваюцца ад усяго, што цяпер існуе на нашай беларускай сцэне. І ў конкурсе гэта таксама было добра бачна. Ва ўсіх ужо ёсьць такі стэрэатып: калі выконваецца музыка, асабліва рок-музыка на беларускай мове, дык гэта ўсё збольшага ў мінорным настроі. А тут проста хлопцы выходзяць і паказваюць, як можна весела, і лёгка, і гіп-гопава, бо гэта такі клон гіп-гопу, сумесь рок-н-ролу і гіп-гопу і недзе так на адсоткаў можа быць 30 такі сьцёб, зьдзек. Але гэта вельмі густоўна зроблена, выклікае добры настрой і абсалютна станоўчыя эмоцыі. Тут трэба мець галаву на плячах, а там галовы ёсьць, нават не адна”.

(Падбярэскі: ) “Як вы наогул працуеце?”

(Зыгмантовіч: ) “Пачынаецца звычайна вось з гэтага чалавека…”

(Бузоўскі: ) “Спачатку зьяўляецца музыка. Гэта Косьцік прыносіць, ды я нейкія там рыфы ці нешта што іншае, потым Павал прыносіць тэксты, мы кажам: “Не падыходзіць, не!”, ён крыўдзіцца на нас, размахвае рукамі…”

(Падбярэскі: ) “Значыць, вы ўсё ж пачынаеце з рыфавай асновы, потым па часьцінках нарошчваеце гэты ўвесь арганізм, пакуль не атрымаецца цэлае”.

(Зыгмантовіч: ) “Найперш — музыка: бас, партыя гітары. Потым кажам: давай вось барабаны зробім ня так, а вось так і так. А тут саксафон, але ня вось такі, а вось такі, трошкі вышэй трэба сыграць. І песьня расьце, як нейкі трансформэр, перакладаецца, як кубік Рубіка. І ў выніку нешта атрымліваецца”.

(Падбярэскі: ) “Вы, прабачце, сапраўды дзеці вуліцы ці ёсьць у вас чалавек, які мае прафэсійную музычную падрыхтоўку?”

(Зыгмантовіч: ) “Саксафаніст Ваня. Ён, па-першае, вучыцца ва ўнівэрсытэце культуры і іграе там у аркестры. І гэта адзіны, напэўна, сярод нас чалавек, які нешта вывучаў. Астатнія музыкі таксама ведаюць ноты, але гэта ўсё самаадукацыя”.

(Падбярэскі: ) “Я пажадаю вам найперш не зьніжаць актыўнасьці, нарошчваць каэфіцыенты, у тым ліку і творчыя. Пажадаю вам новых запісаў і павышэньня вашага самага агульнага патэнцыялу. Галоўнае — не згубіцца вам на агульным фоне беларускай папулярнай музыкі, і добра, калі гэтаму паспрыяе ваш посьпех на “Басовішчы”.