КАЛЕКТЫЎ ЛІЦЭЮ ІМЯ Я.КОЛАСА ПРАВЁЎ ПЕРШАЕ ПАСЕДЖАНЬНЕ КАМІТЭТУ АБАРОНЫ ЛІЦЭЮ

Любоў Лунёва, Менск

На сходзе калектыў ліцэю ўтварыў грамадзкі Камітэт абароны ліцэю. У Камітэт увайшлі прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці і дэпутаты групы “Рэспубліка”. Дэпутат Уладзімер Парфяновіч паведаміў, што 29 ліпеня група “Рэспубліка” будзе падпісваць пагадненьне з палітычнымі партыямі. Адным з пунктаў гэтага пагадненьня будзе пункт аб абароне ліцэю. Дэпутаты будуць заклікаць прадстаўнікоў палітычных партыяў, а таксама прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў такіх як Саюз кампазітараў, Саюз пісьменьнікаў, Саюз кінэматаграфістаў, Таварыства беларускай мовы ды іншых бараніць нацыянальны ліцэй.

Гаворыць Уладзімер Колас:

(Колас: ) “Я думаю, што гэта сапраўды павінна кансалідаваць беларускую грамадзкасьць на канкрэтную справу і павінна даць нейкія вынікі. Мы ведаем, што, як бы там ні было з Палатай прадстаўнікоў, зь яе магчымасьцямі, зь яе заангажаванасьцю — тым ня менш, яна валодае правам адмяняць рашэньне Савету міністраў. Вельмі спадзяюся, што дэпутаты праявяць сваю грамадзянскую пазыцыю і дзяржаўную волю”.

Ліцэісты таксама правялі першы сход моладзевай незарэгістравай арганізацыі “Ліцэйская Грамада”. Ліцэісты выпрацавалі плян дзеяньняў на першыя тры месяцы. Дзеля гэтага стварылі мэтавыя групы, якія будуць займацца наладжваньнем вулічных акцыяў, альбо спартовых мерапрыемстваў, альбо музычных імпрэзаў.

Вось як гэта пракамэнтаваў старшыня “Ліцэйскай Грамады” Франак Вячорка:

(Вячорка: ) “Плян правядзеньня ад 1 жніўня да 1 верасьня самых разнастайных вулічных акцыяў. Акцыі хутчэй за ўсё будуць адбываца праз кожныя два-тры дні ў самых розных месцах Менску, у самай рознай форме і самага рознага фармату. Сёньня мы абмеркавалі, наколькі радыкальныя будуць гэтыя акцыі і да якіх наступстваў могуць яны прывесьці. Усе выказаліся, што трэба ісьці да канца і не баяцца міліцыі. Мы ведаем, што за намі праўда, мы маем рацыю, і мы ідзем наперад”.

Бацькі навучэнцаў чакалі, што чыноўнікі з гарадзкога аддзелу адукацыі прыйдуць на сход і паведамяць, дзеля чаго запрашалі да сябе бацькоў кожнага паасобку. Але чыноўнікі праігнаравалі запрашэньне бацькоў. Бацькі вырашылі 29 ліпеня групай наведаць гарана і паведаміць чыноўнікам аб тым, што ня пойдуць на саступкі.

Гаворыць сябра бацькоўскай Рады Маргарыта Рэўцкая:

(Рэўцкая: ) “Мы прадэманструем чыноўнікам нашу пазыцыю, што ліцэй павінен захоўвацца. Калі яны ня могуць утварыць менскі дзяржаўны ліцэй, то няхай будзе той, які быў. Мы прынялі рашэньне — рабіць самыя рашучыя крокі дзеля абароны нашага ліцэю. Мы не выключаем ніякіх крокаў дзеля дасягненьня нашай мэты — захаваньня ліцэю і абароны нашых правоў і правоў нашых дзяцей вучыцца ў той навучальнай установе, якую яны выбіралі”.

Сёньня бацькі атрымалі адказ на свой Зварот у адміністрацыю Лукашэнкі, каб адмянілі загад аб ліквідацыі ліцэю. Чыноўнікі адміністрацыі спаслаліся на тое, што ў будынку ліцэю будзе рамонт, і таму дзяцей уладкаваць у новы ліцэй няма магчымасьці.