Месца настаўніка нацыянальнай каманды Беларусі вольнае ад 24 чэрвеня. Менавіта ў той дзень задаволілі заяву пра добраахвотную адстаўку Эдуарда Малафеева. Тады ж у выканкаме стварылі адмысловую камісію, якая мусіла на працягу трох тыдняў акрэсьліць кола прэтэндэнтаў на вакантную пасаду. Кандыдатаў шукалі ў Беларусі, блізкім і далёкім замежжы.
І як паведаміў 28 ліпеня кіраўнік гэтай адмысловай камісіі Міхаіл Вергяенка, цяпер можна казаць пра восем патэнцыйных прэтэндэнтаў. Гэта тры трэнэры зь Беларусі — Вячаслаў Акшаеў, Анатоль Байдачны і Юры Пунтус. Тры з Расеі — Анатоль Бышавец, Барыс Ігнацьеў, а таксама яшчэ адзін адмысловец, чыё імя, па ягонай просьбе, яшчэ некалькі дзён будзе трымацца ў сакрэце. Ёсьць яшчэ адзін трэнэр з Украіны, чыё прозьвішча сёньня таксама не назвалі, і былы трэнэр нацыянальнай каманды Чэхіі Ёзэф Хаванец.
Спадар Вергяенка паведаміў таксама, што кожны з замежных трэнэраў пагаджаецца працаваць у Беларусі пры ўмове, што будзе атрымліваць заробак, як мінімум, 20 тысяч даляраў штомесяц. Да таго ж, кожны патэнцыйны замежны трэнэр ставіць умову, што разам зь ім у Беларусь прыедуць адзін, а то і два ягоныя памочнікі.
Цікава, што магчымае прызначэньне настаўнікам беларускай каманды чэскага адмыслоўца Міхаіл Вергяенка назваў “палітычным”. Зь ягоных словаў можна было зразумець, што маюцца на ўвазе даволі складаныя дачыненьні Беларусі з Чэхіяй, пасьля таго, як чэскі бок ня выдаў візу Аляксандру Лукашэнку на саміт НАТО.
Выканкам фэдэрацыі прыняў рашэньне 28 ліпеня не абіраць новага трэнэра. Да гэтага пытаньня будуць вяртацца 8 жніўня.