Бліжэй да абеду на хвалях 107,9 пачалі гучаць анонсы галоўных падзеяў па-беларуску, што зачытваў галоўны прадусар “Альфа-радыё” Сяргей Кузін. Хто даўно ведае Кузіна, зь цяжкасьцю мог сабе ўявіць, што той калі-небудзь рызыкне на моўны экспэрымэнт. Аднак кіраўнік службы інфармацыі “Альфа-радыё” Іван Мірскі запэўнівае, што распрацоўка мэханізму беларускага вяшчаньня сталася вынікам супольных намаганьняў.
(Мірскі: ) “Кіраўніцтва радыё яшчэ ўзімку да гэтай ідэі паставілася вельмі станоўча, таму ніякіх супрацьдзеяньняў зь ягонага боку не было. Тым больш, што ўвесь калектыў гэтаксама падтрымаў ідэю, і, мяркую, ад верасьня ня толькі навіны будуць гучаць па-беларуску, але і вядучыя музычных праграмаў будуць актыўна выкарыстоўваць беларускую мову”.
Супрацоўнікі “Альфа-радыё” цяпер актыўна ўспамінаюць беларускую мову, а Сяргей Кузін нават бярэ ўрокі ў рэпэтытара, пераўзышоўшы ў актыўнасьці, бадай, усіх астатніх. Прынамсі, ён настойвае, каб вядучыя гаварылі “плянаваньне” ці “кляса” замест “наркамаўскіх” варыянтаў “план” і “клас”.
На “Альфа-радыё” не хаваюць, што ад самага пачатку вяшчаньне па-беларуску зьбіраліся распачаць 1 верасьня, аднак шэраг трывожных падзеяў у FM-эфіры прымусіў тэрмінова карэктаваць пляны.
(Мірскі: ) “Плянавалася, што ад верасьня будзе новая канцэпцыя вяшчаньня — узгаднілі, што па-новаму загучаць выпускі навінаў, зьявяцца як мінімум тры выпускі па-беларуску — на пачатку гадзіны, і ў 25 хвілінаў, і ў 45. Карацей, усё хацелі вывесьці своеасаблівым пакетам. Аднак пасьля таго, як зачынілі радыё “Сталіца”, каб ніша не пуставала, і каб яе ніхто не заняў, мы вырашылі гэта зрабіць загадзя і ўвялі вяшчаньне з гэтага тыдня”.
Журналісты “Альфа-радыё” кажуць, што будуць адсочваць усе галоўныя падзеі ў краіне і сьвеце, а таму не зьбіраюцца дазаваць інфармацыю паводле “абавязковай” ці “ня вельмі пажаданай”.