Намесьнік старшыні “Газпрома” Аляксандар Разанаў меў сустрэчы ў “Белтрансгазе”, Мінэнэрга, правёў перамовы з выканаўцам абавязкаў прэм’ер-міністра Беларусі Сяргеем Сідорскім. Гэта першыя кантакты кіраўніцтва “Газпрома” ў Менску пасьля абвяшчэньня беларускім урадам умоваў прыватызацыі “Белтрансгазу”. Паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, СП з удзелам расейскага боку на базе “Белтрансгазу” павінны былі стварыць яшчэ 1 ліпеня. Аднак 30 чэрвеня пасьля нарады ў А.Лукашэнкі ўрад Беларусі ўхваліў адмысловую пастанову аб умовах акцыянаваньня “Белтрансгазу”.
Па-першае, паводле патрабаваньня А.Лукашэнкі беларускі бок хоча пакінуць 51% акцыяў “Белтрансгазу” сабе. Па-другое, Беларусь патрабуе, каб “Газпром” забясьпечваў патрэбы краіны ў газе: на гэты год 18,5 мільярда кубамэтраў, на наступны — 21,5, на 2005 год — 25 мільярдаў, а да 2010 году прадугледжаны рост да 33 мільярдаў кубамэтраў. Прычым усё гэта патрабуецца па ўнутраных расейскіх коштах пятага цэнавага поясу. І самае галоўнае — кошт “Белтрансгазу” беларускі ўрад вызначыў на 5–5,5 мільярду даляраў.
“Белтрансгаз” мае тры ніткі газаправодаў па 600 кілямэтраў, якія яшчэ маюць дастатковы рэсурс. Акрамя таго, “Газпром” павінен інвэставаць у разьвіцьцё газавай інфраструктуры Беларусі 1,7 мільярду даляраў, павялічваць транзыт газу празь Беларусь і ўнесьці ў статутны фонд СП беларускі ўчастак газапроваду Ямал–Эўропа. Пра мэты сёньняшняга візыту спадара Разанава гаворыць прэсавы сакратар кіраўніка беларускага ўраду Мікалай Тоўсьцік:
(Тоўсьцік: ) “Пазыцыя беларускага боку вызначаная адпаведнаю пастановаю ўраду, што тычыцца “Белтрансгазу”. Мы сваю частку шляху прайшлі. А цяпер ужо ён будзе вызначаць нейкія агульныя кропкі. Ён прывез рэакцыю “Газпрома” на пазыцыю беларускага боку”.
Мікалай Тоўсьцік упэўнены, што такіх паездак яшчэ будзе шмат.
Беларусь патрабуе немагчымага, — лічаць у “Газпроме”. Гаворыць начальнік інфармацыйна-аналітычнай управы “Газпрома” Ігар Плотнікаў:
(Плотнікаў: ) “Калі б нас усё задавальняла, мы б ужо ўсё падпісалі, не праводзячы перамоваў. Перамовы сьведчаць, што бакі штосьці не задавальняе, але не настолькі, каб увогуле адмовіцца ад гэтых перамоваў”.
Спадар Плотнікаў ня змог спрагназаваць, калі бакі здолеюць дасягнуць нейкай згоды.
Умовы “Газпрому” досыць жорсткія ў параўнаньні з патрабаваньнямі беларускага боку. Ён сам хоча мець кантрольны пакет акцыяў СП, і прычым не па рынкавым, а па балянсавым кошце — расейцы гатовыя заплаціць не 2 мільярды, а 600 мільёнаў даляраў. А на пастаўкі газу ў Беларусь “Газпромам” выдзелена толькі 10 мільярдаў кубамэтраў газу, прычым толькі 50% па ўнутрырасейскіх коштах. Пры гэтым “Газпром” хоча сам заключаць дамовы з буйнымі беларускімі спажыўцамі газу, што нявыгадна беларускаму ўраду.
Але ў Міністэрстве энэргетыкі ўпэўненыя, што “Белтрансгаз” ня будзе прададзены на нявыгадных умовах. Гаворыць намесьнік начальніка ўпраўленьня інвэстыцыяў Мінэнэрга Беларусі Валянцін Мацкевіч:
(Мацкевіч: ) “А гэта тое ж, што склалася адразу ж пасьля 1991 году ў Расеі. Гэта іх падыходы — за так за бясплатна забраць. Я думаю, перамовы будуць нармальныя. Таму што падыходы, пачатковыя і астатнія, зробленыя якраз добра і грунтоўна. “Белтрансгаз” — прыбытковая кампанія, ён мае вялікія прыбыткі, ён рэалізаваў праграму газіфікацыі, зкаканчвае яе. Які сэнс дзяліцца прыбыткам?”