ПОЛЬШЧА ВЫКАРЫСТАЕ ДОСЬВЕД УЛАСНЫХ РЭФОРМАЎ ДЛЯ АДБУДОВЫ ІРАКУ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Паводле Марка Сіўца, Злучаныя Штаты маюць некаторыя цяжкасьці ў Іраку, бо Вашынгтон ніколі ня браў удзелу ў падобным экспэрымэнце ў гэтай частцы сьвету.

“Хаця Польшча робіць гэта таксама ўпершыню, але мы маем досьвед, які атрымалі ў часе ўласных палітычных, эканамічных і сацыяльных пераменаў. Такія веды могуь быць вельмі прыдатныя ў часе пабудовы сучаснай ірацкай дзяржавы”, – лічыць спадар Сівец.

Зрэшты, польскі досьвед у пэўным сэнсе ў Іраку ўжо выкарыстоўваецца. Там працуе Міжнародны камітэт экспэртаў у справе эканамічнай трансфармацыі паваеннага Іраку, які ўзначальвае аўтарытэтны эканаміст, былы міністар фінансаў Польшчы прафэсар Марэк Бэлька.

Аднак галоўная задача Польшчы ў Іраку – гэта забясьпячэньне кантролю над горна-паўднёвым сэктарам краіны, які месьціцца паміж Багдадам і Басрай. Сэктар займае 80 тысячаў квадратных кілямэтраў і налічвае 3 мільёны жыхароў.

У польскім сэктары ўжо знаходзяцца некалькі сотняў жаўнераў, якія займаюцца падрыхтоўкай базаў для асноўных сілаў амаль што 10-тысячнай польскай дывізіі.

Акрамя ўласна палякаў, у яе склад увойдуць часткі з усіх суседніх зь Беларусьсю краінаў, акрамя Расеі, а таксама жаўнеры з Гішпаніі, Баўгарыі, Славаччыны, Вугоршчыны, а нават Сальвадору і Гандурасу.

У пачатку верасьня Злучаныя Штаты цалкам перададуць кіраваньне горна-паўднёвым сэктарам Іраку кіраўніцтву польскай дывізіі.

Вяртаючыся да сёньняшніх выказваньняў кіраўніка Бюро Нацыянальнай бясьпекі Польшчы Марка Сіўца, варта адзначыць, што ў інтэрвію першай прагараме нацыянальнага радыё ён выказаў сваё стаўленьне і да папулярнай апошнім часам ідэі ўнясеньня ў заканадаўства ААН дазволу на зьвяржэньне міжнароднымі сіламі дыктатараў, якія робяць злачынствы супраць уласнага народу.

Паводле спадара Сіўца, папулярнасьць такіх захадаў залежыць ад ступені пагрозы, якую дыктатары прадстаўляюць для міжнароднай супольнасьці. А пагроза тэрарызму, які стаўся найвялікшай небясьпекай нашага стагодзьдзя, зыходзіць менавіта ад недэмакратычных краінаў.