БЫЛЫ ПАМЕЖНІК АБВІНАВАЧВАЕЦЦА Ў РАСКРЫЦЬЦІ ДЗЯРЖАЎНАЙ ТАЯМНІЦЫ

Алег Супрунюк, Берасьце

Паводле зьвестак, якія распаўсюдзіла прэсавая група ўпраўленьня вайсковай контарразьведкі КГБ Беларусі, затрыманьне адбылося ў Берасьці, калі былы памежнік шукаў асобаў, гатовых набыць сакрэтную інфармацыю. Супрацоўнікі КГБ цьвердзяць, што скарыстаць гэтую інфармацыю можна для арганізацыі нелегальнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы. Зьвесткі, якія складаюць службовую таямніцу, вайсковец атрымаў падчас службы ў Берасьцейскай памежнай групе і пасьля перапісаў на дыскету.

Паводле высунутых абвінавачаньняў, былому памежніку пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Пры гэтым супрацоўнікі КГБ адзначаюць, што калі б сакрэтныя зьвесткі трапілі да злачынцаў і былі імі выкарыстаныя, экс-памежніка можна было пакараць у апаведнасьці зь іншым артыкулам Крымінальнага кодэксу — “За здраду Радзіме”.

У Берасьцейскай памежнай групе сёньня паведамілі, што затрыманы супрацоўнікамі КГБ вайсковец быў звольнены з памежных войскаў на пачатку ліпеня. Але кіраўнікі памежнай групы ня могуць зразумець, якое злачынства яму інкрымінуюць. Гаворыць намесьнік начальніка памежнай групы Васіль Гарбаценка:

(Гарбаценка: ) “Стратаў дзяржаве няма, шкоды таксама. Аднак завялі крымінальную справу, быццам бы скраў зьвесткі, што складаюць дзяржаўную таямніцу. Але самае галоўнае — няма агента, якому ён бы прадаў тыя зьвесткі. Тады можна было казаць: вось мы затрымалі агента ЦРУ, які спрабаваў набыць зьвесткі у гэтага салдата-дурня. Гэтага таксама няма”.

Васіль Гарбаценка кажа, што паводле заведзенай крымінальнай справы ніхто з кіраўнікаў памежнай групы яшчэ не даваў ніякіх тлумачэньняў сьледчым органам. І ўвогуле распачатая справа стала для іх вялікай нечаканасьцю.

Паводле зьвестак упраўленьня вайсковай контарразьведкі КГБ Беларусі, за апошнія 20 гадоў гэта першы выпадак крымінальнай справы, заведзенай за наўмысны распаўсюд зьвестак, што складаюць службовую таямніцу.