Асноўнай мэтай было абвесьціць пра стварэньне гэтага камітэту і выказаць падтрымку беларускаму народу напярэдадні гадавіны Дня незалежнасьці. Сэнатар Дэніэл Кроўпа – уплывовы чэскі палітык, сябра уніі эўрапейскіх фэдэралістаў. Ад імя ініцыятараў стварэньня камітэту “За свабодную Беларусь” Дэніэл Кроўпа сказаў:
(Кроўпа: ) “Мы разумеем сваю адказнасьць за агульныя каштоўнасьці свабоды, дэмакратыі, павагі да правоў чалавека, якія ствараюць аснову эўрапейскай цывілізацыі, мы пратэстуем супраць мэтадаў і рэжыму апошняга эўрапейскага дыктатара – беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі”.
Дарэчы, Дэніэл Кроўпа таксама стаў ініцыятарам прыняцьця пастановы сябрамі чэскай фракцыі Уніі эўрапейскіх фэдэралістаў. У адозве, у прыватнасьці, гаворыцца: “Унія жадае, каб беларускі народ мог таксама стаць сябрам эўрапейскай сям'і розных народаў. Але асноўная ўмова гэтага – пазбаўленьне ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, стварэньне нармальнага дэмакратычнага ладу жыцьця, які дазводіць зрабіць неабходныя для свабоды і дабрабыту Беларусі крокі.
(Кроўпа: ) “Беларускі народ заслугоўвае поўнага ўдзелу ў разьвіцьці эўрапейскай цывілізацыі”.
На завяршэньне сваёй прамовы сэнатар Дэніэл Кроўпа сказаў:
(Кроўпа: ) “Падтрымваем дзеяньні беларускай апазыцыі, якая змагаецца супраць злой волі і ціску. Хочам сказаць, што мы разам з вамі, будзем вас падтрымваць, пакуль дыктатура ня будзе зрынутая. Я абвяшчаю пра стварэньне Камітэту “За свабодную Беларусь!”
Пасьля гэтых словаў Дэніэл Кроўпа дастаў бела-чырвона-белы сьцяг, які, фактычна, стаў цэнтрам сёньняшняй сустрэчы.
З асноўнымі задачамі камітэту прысутных азнаёміў былы лідэр студэнцкага руху, сёньняшні сэнатар Марцін Мэйстшык. Ён сказаў, што гэтымі асноўнымі мэтамі зьяўляюцца
(Мэйстшык: ) “Папярэджаньне адносна дыктатуры на Беларусі шляхам размоваў, удзелу ў дыскусіях і форумах, прыняцьцё адозваў з нагоды парушэньняў правоў чалавека, удзел у акцыях з мэтай падтрымаць беларуска-чэскае сяброўства, арганізацыя сустрэчаў беларускіх палітыкаў з чэскімі і эўрапейскімі, а таксама падтрымка праектаў, якія маюць на мэце разьвіцьцё дэмакратыі на Беларусі”.