ЗНОЎ ВЫЙШЛА “МЕСТНАЯ ГАЗЕТА” З МАТЭРЫЯЛАМІ “БДГ”

Юры Сьвірко, Менск

Замест беларускага выпуску маскоўскай “Новой газеты”, які чакаўся на гэтым тыдні, рэдакцыя прыпыненай да канца жніўня “Белорусской деловой газеты” выпусьціла чарговы нумар “Местной газеты”. Нагадаю, што баранавіцкая “Местная газета” пазбавілася друкарні ў Слоніме пасьля таго, як на мінулым тыдні аддала свае плошчы журналістам “БДГ”. Але ў чацьвер сьвежы нумар “Местной газеты” ўсё ж быў надрукаваны на тэрыторыі Беларусі.

Уладальнік выдавецкага прадпрыемства “Марат”, якое выпускае “БДГ”, Пётар Марцаў паведаміў Радыё Свабода:

(Марцаў: ) “Я магу сказаць, што нумар надрукаваны накладам 10 тысяч. Але дзе ён надрукаваны — я пакуль не хачу казаць, пакуль газэта ня трапіць у распаўсюд”.

Распаўсюджвацца сьвежы нумар “Местной газеты”, як чакаецца, будзе ўжо ўвечары ў чацьвер альбо ад раніцы пятніцы. Ён жа будзе дастаўлены падпісчыкам “БДГ”.

“Белорусская деловая газета” цяпер чакае канца жніўня, калі скончыцца тэрмін, на які прыпыніў яе выданьне Мінінфарм. Ніякіх папярэджаньняў за апошнія выпускі “Местной газеты” і “Новой газеты” Міністэрства інфармацыі не рабіла. Тым часам беларускія друкарні па-ранейшаму адмаўляюцца друкаваць салігорскую газэту “Салідарнасць”, якая першай прыйшла на дапамогу калегам з “БДГ”.