ЗАКРЫЦЬЦЁ “НАВІНАК” НЯ ЁСЬЦЬ ІХНЫМ ФІНАЛАМ

Ул. інф.

Першая акцыя з гэтае нагоды прайшла ўчора ў Бэрліне ля беларускай амбасады. Неўзабаве ў нямецкай сталіцы плянуецца правесьці агульны Міжнародны дзень падтрымкі гэтага беларускага выданьня са шматлікімі сатырычнымі пэрформансамі.

Адмысловыя выданьні нямецкіх анархістаў —як друкаваныя, так і Інтэрнэт-старонкі, заклікаюць грамадзянаў не абысьці ўвагай тую драматычную сытуацыю, якая назіраецца ў Беларусі ў галіне свабоды слова. Як паведамляе Інтэрнэт-выданьне “Linke Seite” (“Левая старонка”), беларускі рэжым нарэшце мусіць зразумець, што забарона адзінай у Беларусі незалежнай палітычна-сатырычнай газэты яшчэ ня ёсьць ейным фіналам.

“Навінкі” не зьбіраюцца замаўкаць і знойдуць магчымасьць працягваць друкаванае жыцьцё. Пасьля афіцыйнага закрыцьця ўладамі газэты на тры месяцы, “Навінкі” двойчы выйшлі ў Беластоку. На старонках “Беластоцкіх навінак” размова ішла пра свабоду слова ў Польшчы, аднак чытачам было зразумела, пра што вядзецца размова насамрэч.

Тады ў траўні эўрапейскія анархісты прадэманстравалі надзвычайную згуртаванасьць і правялі адмысловыя мітынгі пратэсту ў Варшаве, Гданьску, Празе, Стакгольме, Бэрліне. Такой жа згуртаванасьці лідэры нямецкага анархічнага руху чакаюць і неўзабаве, у часе агульнага міжнароднага Дня падтрымкі “Навінак”. Ён пройдзе ў Бэрліне. Мяркуецца, што ў гэты дзень анархісты розных краінаў выпрацуюць адзіны плян дзеяньняў у падтрымку беларускага выданьня, а таксама правядуць шэраг пэрформансаў.

Як піша выданьне “Jungle World”, рэпрсіі супраць недзяржаўных СМІ беларускі рэжым праводзіць ня першы год. Самым апошнім часам, калі беларускі прэзыдэнт увёў у краіне інстытут ідэалягічнага кіраўніцтва, ціск на недзяржаўныя выданьні стаў часткай дзяржаўнай ідэалёгіі. Менавіта ў кампэтэнцыі гэтак званых ідэолягаў — вырашаць, якія мэдыі карысныя грамадзтву, а якія небясьпечныя. Што да “Навінак”, то гэтая вясёлая газэта ёсьць “замахам на мараль нацыі”.

Паводле “Jungle World”, дыктатар і заўзяты хакеіст Лукашэнка імкнецца пераварыць сваю краіну ў сапраўдны 10-мільённы калгас, у якім усе мусяць працаваць дзеля адзінай, вызначанай толькі Лукашэнкам справы.

Як вынікае з матэрыялу Інтэрнэт-сайту Anarchie.de, у той час, калі міжнародныя назіральнікі адзначаюць драматычнае пагаршэньне сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі, нямецкія анархісты заклікаюць сваіх суайчыньнікаў праявіць салідарнасьць у дзеяньнях супраць дзяржаўных рэпрэсіяў у Беларусі.