У ВЯЛІКАБРЫТАНІІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА СКАНДАЛ, ВЫКЛІКАНЫ САМАГУБСТВАМ СУПРАЦОЎНІКА МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ ДЭВІДА КЕЛІ

Тацяна Поклад, Прага

Кіраўнік службы навінаў ВВС Рычард Самбрук распавёў, што Дэвід Келі быў галоўнай крыніцай інфармацыі для рэпартажу ВВС, які прагучаў 29 траўня. Рэпартаж абвінаваціў брытанскі урад у маніпуляцыі інфармацыяй выведкі дзеля апраўданьня вайны ў Іраку. Брытанскі ўрад адмаўляў праўдзівасьць скандальнага рэпартажу і патрабаваў, каб ВВС папрасіла прабачэньня. ВВС настойвала на слушнасьці інфармацыі. Рэпартаж быў успрыняты брытанскім урадам як абраза, і распачалося сьледзтва.

59-гадовы Дэвід Келі, былы інспэктар ААН па ўзбраеньням у Іраку і дарадца брытанскага Міністэрства абароны, апынуўся ўлучаным у сьледзтва, калі высьветлілася, што за тыдзень да скандальнага рэпартажу ён сустракаўся зь яго аўтарам, Эндру Гіліганам.

Дэвід Келі за некалькі дзён перад сваёй сьмерцю быў апытаны парлямэнцкім камітэтам і заявіў, што ня ён быў крыніцай галоўнае інфармацыі скандальнага рэпартажу аб тым, што ўрад перабольшыў дадзеныя выведкі пра наяўнасьць хімічнае і бактэрыялягічнае зброі у Садама Хусэйна, якая можа быць задзейнічаная цягам 45 хвілінаў.

Дэвід Келі ня быў у ліку вышэйшых службоўцаў выведкі, якія рыхтавалі дасье з гэтымі дадзенымі. Аднак ён апынуўся у цэнтры ўвагі. Яго сям’я і блізкія распавядалі, што ён быў спакойны, мяккі чалавек, ня звыклы да шырокае публічнае ўвагі. Цяпер вядома, што за некалькі гадзінаў да сваёй сьмерці ён даслаў ліст праз электронную пошту, дзе пісаў, што “калі рэчы вярнуцца да нармальнага стану”, ён “вярнецца у Багдад пры канцы месяца”.

Цела Дэвіда Келі было знойдзенае у мінулую пятніцу ў лесе у 5 мілях ад яго дому у Оксфордшыры. У яго было зламанае запясьце, а побач быў знойдзены пакецік з абяззбольваючымі лекамі. Распачалося расьледаваньне самагубства.

Сьмерць Дэвіда Келі сталася адным з мацнейшых палітычных скандалаў за апошні час. ВВС апынулася ў непрыемнай сытуацыі. ВВС заўсёды падкрэсьлівала сваю неперадузятасьць і аб’ектыўнасьць у рэпартажах і аналізах. Тым часам карпарацыя ВВС крытыкавалася недаўна за аднабаковасьць ў паведамленьнях пра вайну у Іраку і канфлікт на Блізкім Усходзе. У дадатак да сталае вайны з брытанскім урадам, у ЗША ВВС кпліва называюць “Багдадскай радыё карпарацыяй”, а ў Ізраілі карэспандэнты ВВС афіцыйна адхіленыя урадам Арыеля Шарона.

ВВС адказвае на крытыку тлумачэньнем, што яны працуюць на шырокую міжнародную аўдыторыю, што патрабуе рознабаковае інфармацыі. Колькасьць слухачоў ВВС павялічваецца і ў ЗША, але адзначаецца, што карэспандэнты ВВС больш агрэсіўныя і правакацыйныя пры інтэрвію, чым, да прыкладу, іх амэрыканскія калегі.