СЯРГЕЙ СКРАБЕЦ ЛІЧЫЦЬ ВЫСУНУТЫЯ СУПРАЦЬ ЯГО АБВІНАВАЧАНЬНІ ПАЛІТЫЧНА МАТЫВАВАНЫМІ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

“Нічога дзіўнага і нічога новага”, — гэтак лідэр дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец пракамэнтаваў чарговую кампанію ў беларускіх дзяржаўных мэдыях, падчас якой яго абвінавацілі ў незаконным атрыманьні крэдытаў на паўмільёну даляраў і абвесьцілі, што ён не прыходзіць у пракуратуру на допыты. Не ідзе — значыць, вінаваты, — вынікала з тэлерэпартажаў беларускага тэлебачаньня, паказаных у мінулыя выходныя.

Між тым, Сяргей Скрабец не ідзе ў пракуратуру прынцыпова і днямі пацьвердзіў гэтую пазыцыю ў лісьце, дасланым сьледчаму рэспубліканскай пракуратуры Вячаславу Цераховічу. Вось што напісана ў гэтым лісьце.

(Скрабец: ) “Я не рабіў ніякага проціпраўнага дзеяньня, лічу сябе невінаватым, а маю справу палітычна матываванай за маю дзейнасьць, у тым ліку ў складзе дэпутацкай групы “Рэспубліка”. У такіх абставінах я ня веру ў аб’ектыўнае і справядлівае расьсьледаваньне гэтай правы і згодна з 27-м артыкулам Канстытуцыі Беларусі адмаўляюся даваць паказаньні”.

Нагадаю, 27-м артыкулам Канстытуцыі зацьверджаная недатыкальнасьць дэпутата перад судом. Да судовай адказнасьці дэпутата магчыма прыцягнуць толькі са згоды адпаведнага заканадаўчага органу.

“Калі ў пракуратуры ёсьць зьвесткі пра віну Сяргея Скрабца, хай іх дадуць дэпутатам парлямэнту, але такіх зьвестак няма, вось і гучаць пустыя абвінавачаньні”, — лічыць вядомы адвакат Гары Паганяйла, які абараняе дэпутата. Гары Паганяйла перакананы, што справа Сяргея Скрабца ня мае судовай пэрспэктывы, акрамя як праз парушэньне закону.

Сяргей Скрабец, паводле цяперашніх заяваў пракуратуры, нібыта датычны да незаконнага атрыманьня 520 тысяч даляраў крэдытных сродкаў гандлёвым домам “Бел-Бабаеўскі”. Між тым, гэтае выманьваньне крэдытаў ужо расьсьледаванае, вінаватыя асуджаныя і адбываюць пакараньне, тлумачыць адвакат.

“Сяргей Скрабец падчас таго расьсьледаваньня нават не выклікаўся на допыты і ні ў чым не абвінавачваўся. І тое, што цяпер сьледчыя палічылі яго ў нечым вінаватым, ёсьць доказам помсты за ягоную палітычную дзейнасьць”, — лічыць Гары Паганяйла.

Другі месяц запар Сяргей Скрабец як лідэр парлямэнцкай групы “Рэспубліка” вядзе збор подпісаў за зьмены ў Выбарчы кодэкс Беларусі. Паводле зьвестак дэпутата, сабрана ўжо некалькі тысяч подпісаў, і гэта, як ён мяркуе, напалохала ўладу. Сяргей Скрабец не выключае, што ўлада рыхтуецца восеньню правесьці рэфэрэндум аб магчымасьці для Аляксандра Лукашэнкі балятавацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін запар. Ініцыятыва аб рэфармаваньні выбарчых законаў можа сарваць выкананьне гэтых плянаў.

Адстаўны генэрал, дэпутат Валеры Фралоў таксама называе паклёпам зьвесткі, распаўсюджаныя пра яго ў апошнія дні дзяржаўным тэлебачаньнем. Але дэпутата наступ дзяржаўных мэдыяў асабліва не турбуе.

(Фралоў: ) “Хай гавараць што заўгодна, мне цяпер карысны любы піар, як белы, гэтак і чорны. А ўвогуле, відаць, Аляксандру Рыгоравічу крыўдна, што ён нікуды ня езьдзіць, а я за апошні час пабываў у васьмі краінах”.

Аднак найбольш ганарыцца генэрал апошнімі паездкамі па Беларусі. Разам зь Сяргеем Скрабцом яны наведалі ўсе абласныя цэнтры і сфармавалі ініцыятыўныя групы ў справе збору подпісаў за зьмены выбарчых законаў. Валер Фралоў лічыць гэтую працу асноўнай прычынай наступу на іх з боку ўлады.