ЦІ ТРЫМАЕЦЦА АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПРЫСЯГІ ПРЭЗЫДЭНТА?

Галіна Абакунчык, Менск

Некаторыя мінакі казалі, што ім цяжка меркаваць пра ступень выкананьня Аляксандрам Лукашэнкам прэзыдэнцкай прысягі. Таму адказы на пытаньні былі адвольнымі й рознымі. Вось што казалі людзі:

(Спадар: ) “Думаю, што часткова ён выконвае абяцанкі, але ў некаторай частцы й не заўсёды”.

(Спадар: ) “Прэзыдэнт, ён можа й шмат дапускае памылак. Але, я думаю, што яму перашкаджаюць працаваць тыя людзі, якіх ён прывёў да ўлады”.

(Спадар: ) “Калі гаварыць адкрыта, то я ўвогуле не задаволены ні тым, ні іншым”.

(Карэспандэнтка: ) “Прыняўшы прысягу, прэзыдэнт краіны ўзяў на сябе абавязак выконваць Канстытуцыю і захоўваць сувэрэнітэт. Ці заўсёды ён трымаецца сваёй прысягі?”

(Спадарыня: ) “Наўрад ці. Узровень нашага жыцьця падае й падае”.

(Спадар: ) “Ніяк не трымаецца. Ці ён ня ведае сваіх падначаленых, ці што, але нічога добрага я не атрымаў”.

(Спадарыня: ) “Калі прэзыдэнт станавіўся прэзыдэнтам, то ён абяцаў, што ўсе асабнякі будуць зьнесеныя. Але хіба ён іх зьнёс? Хіба ён з гэтым змагаўся? Дык чаму я павінная яму верыць і надалей?”

Многія сярод маіх суразмоўцаў казалі, што ня ведаюць адказу на пытаньне, а іншыя прызнаваліся, што проста баяцца гаварыць на гэтую тэму.

(Карэспандэнтка: ) “Прыняўшы прысягу, прэзыдэнт краіны ўзяў на сябе абавязак выконваць Канстытуцыю і захоўваць сувэрэнітэт. Ці заўсёды ён трымаецца сваёй прысягі?”

(Спадар: ) “Адносна Канстытуцыі — не скажу. Па-мойму ёсьць некаторыя праблемы. А што тычыцца сувэрэнітэту, то дакляраваны саюз Беларусі й Расеі будзе яго парушаць”.

(Спадар: ) “Вы ж самі цудоўна ведаеце, у якой кабале мы знаходзімся й ўвогуле што ў нас робіцца. А калі адкрытым тэкстам, то я проста баюся гаварыць. Я баюся па тэлефоне гаварыць, не пасьпееш павярнуцца — адразу чырвоныя дакумэнты пакажуць: пройдзем”.

(Спадар: ) “Адносна Канстытуцыі й незалежнасьці прэзыдэнт выконвае свае абавязкі. Можа не заўсёды гэта прымаецца краінамі сьвету, але ж палітыка нашай дзяржавы мяне задавальняе”.

(Спадар: ) “Незалежнасьці ўжо няма. Войска ён разваліў, да прыкладу. А няма войска — няма й незалежнасьці”.

(Спадар: ) “Нічога не выконваецца: ні свабода слова, ні Канстытуцыя. І калі я пачула, што ён яшчэ й на трэці тэрмін зьбіраецца, то я супраць гэтага. Бо эканоміка нашая разваленая, не лягчэй стала жыць ні пэнсіянэрам, ні настаўнікам, ні лекарам. Далей так жыць проста немагчыма”.

Гэта былі меркаваньні мінакоў пра выкананьне Аляксандрам Лукашэнкам прэзыдэнцкай прысягі.