У звароце прыгадваюцца арышт аднаго з кіраўнікоў БНФ Юрыя Хадыкі, прыпыненьне выхаду “Белорусской деловой газеты” і іншых выданьняў, ліквідацыя і канфіскацыя маёмасьці шэрагу рэсурсных цэнтраў.
Славацкія парлямэнтары падкрэсьліваюць, што гэтыя крокі ўладаў узмацняць ізаляцыю Беларусі ў сьвеце. Аўтары звароту, спасылаючася на гістарычны досьвед Славаччыны, адзначаюць, што незалежнасьці і працьвітаньня краіны немагчыма дасягнуць ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі.
У звароце гаворыцца, што гісторыя Беларусі – неад’емная чатка агульнаэўрапейскай гісторыі. Славацкія палітыкі адзначаюць, што славакі і беларусы блізкія паводле мовы, культуры і досьведу малога народу. Яны выказваюць упэўненасьць, што раней ці пазьней дэмакратычныя перамены ў Беларусі адбудуцца. Аднак чым далей будзе адкладацца іх ажыцьцяўленьне, тым глыбейшыя будуць праблемы, зь якімі сутыкнецца краіна.
Зварот падпісаны Паўлам Грушоўскім, старшынём славацкага парлямэнту, яго намесьніцай Зузанай Марцінакавай, старшынямі парлямэнцкіх камісіяў у замежнай палітыцы і правох чалавека Янам Фігелем і Ласла Надзем і кіраўніком дэлегацыі Славаччыны ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Імрыхам Бэрэшам.