На менскім прызыўным пункце, які разьмешчаны на праспэкце Машэрава, нязвыкла пуста і ціха. Афіцэры чытаюць нумары армейскай газеты “Во славу родины”, дактары з мэдычнай камісіі бавяцца крыжаванкамі. Прызыўнікоў сёньня былі адзінкі. Сярод іх выпускнік Менскага інстутуту кіраваньня Мікалай Курленя — магчыма, апошні, хто зь Менску трапіць на службу. Хлопец вельмі непакоіўся, што з прычыны памылкі ў прызыўных дакумэнтах давядзецца губляць яшчэ паўгоду. Але абышлося. Яго бяруць. Чаму так рвецца ў казарму? Тлумачыць, што без вайсковай службы ён бы меў куды менш шанцаў працаўладкавацца паводле сваёй спэцыяльнасьці.
(Прызыўнік: ) “Іду, бо для будучай працы патрэбны будзе вайсковы білет, а безь яго на некаторыя месцы не ўладкавацца. Мая спэцыяльнасьць — фінансы і крэдыт. Прыкладам, у падатковую інспэкцыю трапіць цяжка, а для тых, хто быў у войску, ёсьць квота на працаўладкаваньне”.
Летась 3 тысячы юнакоў пайшлі служыць ў войска зь Менску і Менскай вобласьці, а падчас гэтага прызыву — на некалькі соцень меней, распавядае начальнік Менскага прызыўнога пункту Сяргей Маслоўскі. І тлумачыць, чаму ідзе скарачэньне:
(Маслоўскі: ) “Скарачаюцца ўзброеныя сілы, і адпаведна меншай стала патрэба ў прызыўніках. Бо ідзе рэформа войску на ўсіх узроўнях. Другой прычынай ёсьць дэмаграфічная сытуацыя сярэдзіны 1980-х. Цяпер якраз прызываюць юнакоў 1983–84–85 гадоў нараджэньня, калі быў апошні ўсплеск нараджальнасьці. Потым у нас будзе падзеньне колькасьці прызыўнікоў”.
Паводле зьвестак Міністэрства абароны, улетку прызыўныя камісіі прайшлі каля 20 тысяч юнакоў, але вайсковую форму апранулі толькі 13 тысяч. Куды падзенуцца лішнія 7 тысяч, сярод якіх большасьць — выпускнікі сярэдніх школащ і прафэсійных вучэльняў без працоўнага досьведу? Аляксандар Сасноў, былы міністар працы ва ўрадзе Міхаіла Чыгіра, кажа, што шанцаў знайсьці працу ў моладзі з кожным годам усё меней.
(Сасноў: ) “Большасьць беспрацоўных у нас — жанчыны і моладзь. Жанчын ніхто не бярэ на працу, бо такі падыход да жанчын, а моладзь не бяруць таму, што досьведу няма. Прыкладна палова беспрацоўных — гэта моладзь. Тая эканамічная сыстэма, якую стварыла дзяржава, прывяла да росту беспрацоўя, і пэрспэктываў няма”, — лічыць Аляксандар Сасноў.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі беспрацоўе складае 3,2% ад колькасьці працаздольнага насельніцтва, але Аляксандар Сасноў лічыць, што гэтыя зьвесткі трэба памножыць прынамсі ўтрая. Ён тлумачыць, што дзяржаўныя органы статыстыкі зыходзяць з колькасьці тых, хто зарэгістраваўся на біржы працы, але шмат беспрацоўных туды не ідуць. Выпускнікі школ, якіх не ўзялі ў войска і якія не знайшлі працыу, на біржу ня пойдуць — яны будуць чакаць новага прызыву на ўтрыманьні бацькоў, мяркуе Аляксандар Сасноў. Ён не выключае, што менавіта гэтыя юнакі паўплываюць на рост моладзевай злачыннасьці, які адзначаецца апошнія тры гады.