НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ПРАВЯРАЮЦЬ ГРАМАДЗКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ

Казімер Яноўскі, Гомель

Лісты ад управы юстыцыі з патрабаваньнем падаць на праверку дакумэнты дзесяці найменьняў атрымалі ўжо Лоеўскае культурна-асьветніцкае аб’яднаньне “Карані”, жаночая арганізацыя “Ініцыятыва”, рэгіянальнае аддзяленьне праваабарончага цэнтру “Вясна” ды некаторыя іншыя.

Начальнік аддзелу дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычных асобаў абласной управы юстыцыі Андрэй Міцкевіч сьцьвярджае, што праверкі — плянавыя. Датычаць яны нібыта выключна выкананьня закону пра грамадзкія арганізацыі і ўласных статутаў.

Журналы ўліку карэспандэнцыі, якая паступае ў арганізацыі, управе быццам патрэбныя, каб бачыць, ці правяраліся яны іншымі кантрольнымі органамі. Паводле словаў чыноўніка, некаторыя арганізацыі сталі шмат тэлефанаваць, цікавіцца, навошта здаваць на праверку пляны працы, іншыя дакумэнты.

(Міцкевіч: ) “Пачынаюць шмат задаваць пытаньняў, цягнуць час, не падаваць дакумэнты. Адразу ўзьнікае пытаньне: штосьці ў іх не ў парадку”, — мяркуе начальнік аддзелу спадар Міцкевіч.

Улічваючы, што праверкі вядуцца ня толькі на Гомельшчыне, кіраўнік рэгіянальнай “Вясны” Анатоль Паплаўны сказаў нашаму радыё:

(Паплаўны: ) “Я так думаю, што ідзе масавая кампанія. Гэтага патрабуе Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, а абласная ўправа — выконвае загад наконт праверкі грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку і нашай. Праўдападобна, пэўную частку актыўных грамадзкіх арганізацыяў трэба выціснуць з поля дзейнасьці, і нават не з палітычнага, а з грамадзкага”.

Яшчэ больш акрэсьлена пра сапраўдную мэту цяперашніх праверак выказалася старшыня жаночай арганізацыі “Ініцыятыва” Галіна Скараход:

(Скараход: ) “Напярэдадні рэфэрэндуму трэба пазбавіцца ад усіх арганізацыяў, якія маюць хоць нейкі ўплыў на насельніцтва, якія могуць вылучыць сваіх назіральнікаў на рэфэрэндум, якія могуць вылучыць сваіх сяброў у склад афіцыйных камісіяў. Такія структуры і падлягаюць ліквідацыі”.