ЗАКОНАПРАЕКТ ПРА МІЖНАРОДНЫЯ ДАЧЫНЕНЬНІ НА 2004 І 2005 ГАДЫ ПРЫНЯТЫ ПАЛАТАЙ ПРАДСТАЎНІКОЎ ЗША

Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Палата прадстаўнікоў ЗША апэратыўна разгледзела сёньня рэшту паправак да законапраекту і прагаласавала за ўвесь дакумэнт у цэлым. У выніку электроннага галасаваньня законапраект прыняты пераважнай большынёй галасоў – 382 кангрэсмэны прагаласавалі “за” і толькі 42 – “супраць”. Адзін з важных аспэктаў галасаваньня – гэта тое, што яго так амаль аднадушна падтрымалі абедзьве партыі Кангрэсу: дэмакраты і кансэрватары. Для Беларусі гэта азначае, што ня толькі выканаўчая, але і заканадаўчая ўлады ЗША трымаюцца зараз вельмі падобнай пазыцыі ў дачыненьні да рэжыму ў Беларусі. Гэта таксама азначае, што беларускае пытаньне ўвайшло ў лік міжнародных палітычных прыярытэтаў ЗША на найбліжэйшыя гады. Згадаю, што побач зь Беларусьсю біль вызначае дапамогу такім геапалітычна важным краінам, як Куба, Эгіпэт, Ізраіль і Палестына.

Непасрэдная дапамога беларускім недзяржаўным і апазыцыйным арганізацыям, прадугледжаная законапраектам, – не адзіная карысьць гэтага дакумэнту для Беларусі. Іншыя палажэньні законапраекту прадугледжваюць, напрыклад, пашырэньне і паляпшэньне радыёвяшчаньня, барацьбу з глушэньнем, цэнзурай і блякіроўкай некаторымі дзяржавамі інфармацыі на Інтэрнэце.