Амаль два месяцы кіраўніцтва і журналісты “БДГ” змушаныя займацца ня столькі творчасьцю, колькі пошукам магчымасьці надрукавацца. Сёньня матэрыялы, падрыхтаваныя сталічнымі карэспандэнтамі, зьявіліся на старонках “Местной газеты” — гарадзкога выданьня Баранавічаў. Галоўная тэма нумару гэтаксама прысьвечаная лёсу зачыненых ці забароненых у Беларусі выданьняў.
Артыкул Ірыны Халіп “Газэты, якія скаланулі Эўропу” вяртае чытачоў да сэсіі ПАРЭ ў Страсбуры, на якой афіцыйнай беларускай дэлегацыі на чале з віцэ-сьпікерам Канаплёвым давялося трымаць адказ за маштабны наступ на свабоду слова ў Беларусі.
Рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна кажа, што ў падобнай сытуацыі цешыць хіба тое, што бальшыня незалежных выдаўцоў рэальна падтрымліваюць адзін аднаго.
(Калінкіна: ) “Выдаўцоў, якія выказалі гатовасьць падтрымаць “БДГ”, шмат. Але бальшыня газэтаў зарэгістраваныя ў Міністэрстве інфармацыі менавіта як рэгіянальныя выданьні, тады як рэспубліканскіх няшмат. Мы вядзем перамовы зь імі, але тут досыць абмежаваны выбар”.
Салідарнасьць з апальнымі журналістамі наўпрост рэзануе на выданьнях, якія аддаюць пад матэрыялы “БДГ” свае палосы. Я затэлефанаваў галоўнаму рэдактару “Местной газеты” Анатолю Вайцяхоўскаму і спытаўся: ці не чакае ён пэўных захадаў да свайго выданьня з боку Міністэрства інфармацыі ці мясцовых уладаў?
(Вайцяхоўскі: ) “Я лічу, што юрыдычных падставаў нас пакараць не існуе. Могуць быць надуманыя захады, але ўсё рабілася ў рамках закону. Натуральна, усе мы разумеем, у якой краіне жывем, але штосьці рабіць трэба. Калі апусьціць рукі й плыць па цячэньні, дык куды мы ўрэшце прыплывем? А што тычна супрацоўніцтва з “БДГ”, то калі ўсё будзе так, як мы плянавалі, то будуць сумесныя выпускі і надалей. Але адчуваньне такое, што ўсе крокі адсочваюцца і за табою ўсюды сочаць. Такое ўражаньне застаецца”.
На гэтым тыдні матэрыялы “БДГ” былі надрукаваныя гэтаксама і ў маскоўскай “Новой газете”. Я пацікавіўся ў Сьвятланы Калінкінай, ці была на гэта нейкая рэакцыя з боку Міністэрства інфармацыі?
(Калінкіна: ) “Міністэрства інфармацыі пакуль да нас ніякіх прэтэнзіяў ня мае. Да рэдакцыі “Новой газеты” ў Маскве ніякіх пытаньняў з боку іхнага міністэрства гэтаксама не было. А што думае на гэты конт наш міністар Падгайны — нам невядома, а расейскі бок гэта і не цікавіць”.
(Карэспандэнт: ) “Сьвятлана, пасьля выхаду адмысловага выпуску “Новой газеты” вы казалі, што існуе вялікая верагоднасьць рэгістрацыі “БДГ” у Расеі...”
(Калінкіна: ) “Мы ўжо распачалі пэўныя арганізацыйныя працэдуры дзеля падрыхтоўкі рэгістрацыі “БДГ” у Расеі (дарэчы, ёсьць і іншыя варыянты назвы). Там ужо працуюць нашы юрысты, якія рыхтуюць усе неабходныя дакумэнты”.
Сьвятлана Калінкіна кажа, што, паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, рэдакцыі маскоўскай “Новой газеты” і баранавіцкай “Местной газеты” згодныя і надалей друкаваць матэрыялы журналістаў “БДГ”. І калі ня здарыцца форс-мажорных абставінаў, адмысловыя выпускі “Белорусской деловой газеты” пад назвамі згаданых выданьняў зьявяцца ў грамадзкіх распаўсюднікаў напачатку наступнага тыдня.