Чакалася, што Палата прадстаўнікоў яшчэ ўчора пасьпее абмеркаваць законапраект па міжнародных дачэненьнях і ўсе папраўкі да яго – а іх было зарэгістравана больш за 40. Аднак многія кангрэсмэны настойвалі на электронным галасаваньні, і таму працэдура зацягнулася. Сёньня працягваецца абмеркаваньне законапраекту. Дарэчы, аніводная з гэтых паправак ня тычылася беларускай часткі білю.
Бальшыня ж дыскусіі канцэнтруецца вакол іншай часткі білю – праграмы Выклік Тысячагодзьдзя (Millennium Challenge Account). Гэтая праграма была толькі сёлета распрацаваная Белым домам і Дзяржаўным дэпартамэнтам. Яна прадугледжвае значную фінансавую і тэхнічную дапамогу бедным краінам. Дапамога пойдзе на сельскую гаспадарку, адукацыю, прыватнае прадпрымальніцтва, дзяржаўныя праграмы, здароўе і гандаль. Прыкладна 90 краін сьвету, у тым ліку і Беларусь, могуць прэтэндаваць на дапамогу паводле гэтай праграмы, калі меркаваць паводле крытэру даходаў на душу насельніцтва – менш за 1435 даляраў на год. Аднак, праграма мае вельмі істотную перадумову – краіны-кандыдаты павінны прадэманстраваць “імкненьне да справядлівага праўленьня, заахвочваць эканамічную свабоду і рабіць укладаньні ў свой народ”. Усяго вызначана 16 розных крытэраў. Сярод арганізацый, якія дапамогуць Дзярждэпартамэнту ЗША вызначыць, ці можа краіна прэтэндаваць на дапамогу, такія арганізацыі як Сусьветны банк, Freedom House, Міжнародны валютны фонд, ААН ды іншыя.
Праграма дапамогі ахоплівае наступныя тры гады. Калі б Беларусь здолела зьмяніць палітычны кірунак у 2004 годзе, дык магла б прэтэндаваць на падобную дапамогу. Нагадаю, што агульная сума дапамогі па гэтай праграме на 3 гады складе 5 мільярдаў даляраў. Гэта непараўнальна больш, чым тое, што Беларусь можа атрымаць праз “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”.