У вёсцы Яскавічы Салігорскага раёну сьляды нечаканай летняй паводкі на кожным кроку. У гэтыя ліпеньскія дні тут шмат вады найперш у ваколіцах. Гаворыць галоўны эканаміст мясцовай гаспадаркі “Новае жыцьцё” Тацяна Мароз:
(Мароз: ) “Плаваем. Увесь тыдзень, вось як пайшлі дажджы зь мінулага панядзелка, дык было суцэльнае мора. У нас пасевы гародніны былі на плошчы 100 гектраў, дык яны ўсе апынуліся пад вадой. Капуста, морква, кабачкі і буракі. Ураджай, вядома, страчаны”.
Паводле папярэдніх падлікаў, калгас толькі на гародніне страціць ад працяглых ліпеньскіх дажджоў ня менш як 50 мільёнаў рублёў. Але і гэта ня ўсё. Стыхія, як зазначыла Тацяна Мароз, нашкодзіла і збожжавым культурам.
Наступствы дажджоў адчуваюць і іншыя гаспадаркі Салігоршчыны. Пра гэта паведаміў нашаму радыё намесьнік старшыні раённага ўпраўленьня сельскай гаспадаркі Сяргей Беразоўскі:
(Беразоўскі: ) “Можа быць сумны вынік. Статыстыка такая: прадстаўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў дасьледавалі, што ў нас было затоплена паўтары тысячы гектараў. Дзён пяць прастаялі пад вадою пасевы бульбы, капусты. Пад вадою былі і пашы, і збожжавыя культуры. Паўнавартаснага збожжа ня будзе, будзе недабор ураджаю”.
Дажджы нарабілі шкоды і ў іншых рэгіёнах Меншчыны. Як паведаміў нашаму радыё прадстаўнік абласнога ўпраўленьня сельскай гаспадаркі Леанід Ракаў, апроч Салігорскага раёну, пацярпелі гаспадаркі Любанскага, Маладэчанскага, Слуцкага, Валожынскага раёнаў.
(Ракаў: ) “Пацярпелі пасевы на тарфяніках. Сюды ж можна дадаць і Пухавіцкі раён. Таму што ў каналах падымаецца вада, каранёвая сыстэма падтопліваецца, прыгнятаецца, і расьліна гіне. Мы высьвятляем, што рабіць. Падлічваем страты. Перасяваць позна, яны ўжо ня высьпеюць. Бо ўсе тэрміны мінулі, ураджайнасьць будзе маленькая”.