ЯКУЮ ТАЯМНІЦУ ХАВАЮЦЬ АД ГРАМАДЗЯНАЎ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЎСТАНОВЫ?

Ігар Карней, Менск

На постсавецкай прасторы падобны ўказ дзейнічае толькі ў Туркмэністане: там пад пагрозай сьмяротнага пакараньня забараняецца распаўсюджваць інфармацыю, якая можа патрапіць за межы краіны і стварыць пагрозу нацыянальнай бясьпецы. У бальшыні іншых краінаў эпіцэнтрамі дзяржаўнай засакрэчанасьці застаюцца службы зьнешняй і ўнутранай выведкі, вайсковыя ведамствы, падразьдзяленьні антытэрарыстычнай скіраванасьці.

І, прынамсі, ніколі яшчэ ў пералік дзяржаўных арганізацыяў, дзейнасьць якіх адносіцца да сакрэтнай, не былі аднесеныя ўстановы кшталту міністэрстваў адукацыі, культуры, спорту; саюзы спажывецкіх таварыстваў, абласныя і гарадзкія выканкамы, упраўленьне чыгункі і г.д.

Дарэчы, пачынаецца сьпіс засакрэчаных аб’ектаў з прэзыдэнцкай адміністрацыі, а перадапошні ў вялізным пераліку — Цэнтар бясьпекі інфармацыі пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. Былы супрацоўнік КГБ Сяргей Аніська кажа, што разглядаць факт прыняцьця падобнага дакумэнту можна толькі з праекцыяй на савецкі досьвед, калі пад грыфам “сакрэтна” існавалі нават калгасы.

(Аніська: ) “За савецкім часам нават швейная фабрыка, якая шыла фуфайкі для салдатаў, аўтаматычна зьяўлялася сакрэтным аб’ектам. Альбо — на МТЗ быў цэх, які выпускаў гусенічныя шасі для вайсковай тэхнікі. З гэтай прычыны і завод лічыўся цалкам сакрэтным: ахова была адпаведная, прапускная сыстэма і г.д. Туды ніводзін замежнік ня мог патрапіць, а любы, хто хадзіў вакол МТЗ, лічыўся шпіёнам.

Прыкмета любой таталітарнай дзяржавы — максымальна засакрэціць інфармацыю. Адна з прычынаў — крах эканомікі, і каб ніхто пра гэты крах не даведаўся, зьвесткі хаваюць. І яшчэ адно маё дапушчэньне. Улада ідзе на сумнеўныя ўгоды з сумнеўнымі рэжымамі, а каб такія факты ня сталі вядомымі, таксама ўсё засакрэчваюць”.

Найбольш нэгатыўна ўспрынялі ўказ Аляксандра Лукашэнкі ў журналісцкіх колах. Пераход дзяржаўных структураў на сакрэтны рэжым працы для журналістаў азначае, што ад гэтага часу супрацоўнікі міністэрстваў могуць адмаўляцца ад гутаркі з прадстаўнікамі прэсы, спасылаючыся на дзяржаўныя сакрэты. Гэтак, прынамсі, лічыць журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш.

(Коктыш: ) “Загад жудасны, асабліва для журналістаў, якія працуюць у незалежных выданьнях. Чыноўнікі і дагэтуль адмаўляліся даваць інфармацыю. А калі на гэта будзе афіцыйная падстава, дык любы маленькі клэрк можа адмахнуцца ад журналіста, прыкрываючыся загадам — нават калі гаворка не ідзе пра нейкія дзяржаўныя таямніцы.

Так, існуюць сакрэты, якія трэба ахоўваць, як гэта робяць ва ўсім сьвеце. Але ў таго ж Міністэрства культуры якія могуць быць дзяржаўныя сакрэты? Таму тое, што напісана ў загадзе, з майго гледзішча, гэта занадта. Канечне, у любым міністэрстве знойдуцца людзі, якія дадуць дазаваную інфармацыюю. Але для іх гэта зараз азначае, што пасьля гэтага некаторыя зь іх наўрад ці змогуць працаваць тут надалей. Таму так ці інакш, гэта вельмі дрэнна адгукнецца на працы журналістаў: складана будзе здабываць інфармацыю”.

Пакуль не агучана, якое пакараньне чакае супрацоўнікаў ведамстваў за разгалошваньне дзяржаўных сакрэтаў: ёсьць зьвесткі, што будуць унесеныя адпаведныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Варта нагадаць, што ў савецкі час распаўсюд засакрэчанай інфармацыі лічыўся адным з найбольш цяжкіх злачынстваў.