Сьмерць Быкава, якога “некаторыя называлі Сахаравым беларускай літаратуры”, – падае словы старшыні Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алеся Пашкевіча “New York Times”, – прывяла ў пахавальную працэсію на менскіх вуліцах 50 тысячаў чалавек”.
Аўтар артыкулу пры ацэнцы творчасьці Васіля Быкава адзначае, што пісьменьнік пісаў у манэры, неўласьцівай стандартнаму савецкаму раману. Ён паказаў, што прымушала людзей станавіцца дэзэртырамі і чаму ня ўсе ўдзельнікі супраціву былі героямі.
“Ён пісаў праўду пра вайну ў савецкія часы, калі гэта рабілі зусім ня многія – працягвае цытаваць Алеся Пашкевіча “New York Times” – і ён меў вялікія праблемы з савецкім урадам. Публікацыя шматлікіх ягоных твораў почасту адтэрміноўвалася, а цэнзары рабілі ў іх шмат правак”.
Найбольш вядомая кніга Быкава “Мёртвым не баліць” прынесла яму найбольш праблемаў ад савецкага кіраўніцтва.
Пасьля развалу Савецкага Саюзу і здабыцьця Беларусяй незалежнасьці ў 1991 годзе Васіль Быкаў улучыўся ў новую барацьбу. Гэтым разам супраць абранага на пасаду прэзыдэнта краіны ў 1994 годзе Аляксандара Лукашэнкі, чыя ўлада працягвала ціск на пісьменьніка й урэшце прымусіла пакінуць межы Беларусі.
“Быкаў, – піша “New York Times” – ніколі не называў сябе палітычным выгнаньнікам. Ён почасту шчыра выказваўся што да ўраду Лукашэнкі і называў беларускую ўладу рэжымам”.
Пасьля выезду зь Беларусі Быкаў жыў у Фінляндыі, Нямеччыне і, нарэшце, у Чэхіі. Праз увесь гэты час ён пісаў змрочныя алегарычныя прароцтвы, якія грунтаваліся на ягоным бачаньні будучыні Беларусі. Аўтабіяграфія Быкава “Доўгая дарога дадому”, піша на пры канцы “New York Times”, была выдадзеная ў Беларусі незадоўга да сьмерці аўтара.