ЧАКАЮЦЦА НОВЫЯ АДСТАЎКІ ВА ЎРАДЗЕ

Валер Каліноўскі, Менск

Цяпер у кулюарах улады канкрэтна гавораць пра двух міністраў, якія нібыта падалі заявы на звальненьне — пра міністра адукацыі Пятра Брыгадзіна і міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага. У адпаведных ведамствах гэта пакуль не пацьвярджаюць. Аднак нагода для падобных адставак ёсьць: для Брыгадзіна — прыкры скандал з закрыцьцём Беларускага гуманітарнага ліцэю, якое адбылося насуперак абяцаньням міністра адукацыі, а ў Мінінфармацыі прайшла праверка паркуратуры, і выяўленыя сур’ёзныя парушэньні заканадаўства.

Сам жа міністар Міхаіл Падгайны ў адпачынку да 21 ліпеня. Ніхто, апрача саміх міністраў, што падалі заявы, і Аляксандра Лукашэнкі, ня можа дакладна сказаць, якія сябры ўраду пажадалі звольніцца і паводле якіх матываў, — зазначыла прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч.

(Пяткевіч: ) “Такія лісты заўсёды ідуць асабіста прэзыдэнту, у капэртах, запячатаныя, таму я, напрыклад, такой інфармацыі ня маю”.

Натальля Пяткевіч пра магчымую адстаўку Пятра Брыгадзіна чытала толькі ў прэсе. Інфармацыя будзе больш дакладнай, калі пачнецца пошук і ўзгадненьне новых кандыдатураў на міністэрскія пасады. Спадарыня Пяткевіч прызнала, што ёсьць задача абнавіць урад на адну траціну, але пакуль канкрэтныя асобы на замену не называюцца. Пакуль невядома таксама, ці будзе вынесеная кандыдатура выканаўцы абавязкаў старшыні Савету Міністраў Сяргея Сідорскага на зацьвярджэньне ў Палату прадстаўнікоў як новага прэм’ер-міністра, а калі будзе, — то калі, бо парлямэнт цяпер на вакацыях.

Беларускія міністры часу кіраваньня А.Лукашэнкі добраахвотна ў адстаўку сыходзяць рэдка, найчасьцей іх гучна звальняе кіраўнік дзяржавы. Адзін з тых, хто сам падаў заяву на звальненьне паводле палітычных матываў — Аляксандар Сасноў, ён увогуле зьдзіўляецца, што нехта пагаджаецца ісьці працаваць міністрам — верагодна, толькі пад моцным ціскам Аляксандра Лукашэнкі.

(Сасноў: ) “Проста працаваць пад такім прэсам, калі ты вымушаны быць у нейкай справе, а рашэньні за цябе прымае хтосьці іншы, а ты толькі адказваеш за яго… Ну, гэтак працаваць толькі дурань можа. Калі ўлічыць, што ўвесь урад, а таксама ўсе міністэрствы — гэта такі вялізны сакратарыят ці канцылярыя пры адміністрацыі прэзыдэнта, то гэтым усё сказана. Хто такі міністар цяпер? Столаначальнік, як у царскай імпэрыі. Адказваць адказвае, а рашэньні прымаюць іншыя”.

Ён мяркуе, што ўчорашнія прызначэньні Рамана Ўнучкі, Зянона Ломця сьведчаць аб тым, што Аляксандар Лукашэнка вярнуўся да былых сакратароў райкамаў. Толькі людзі, якія маюць досьвед савецкага кіраваньня, здольныя прыстасавацца да працы ў такім урадзе. Таму і новыя прызначэньні ва ўрад, што абнаўляецца на траціну, варта чакаць са старой намэнклятуры, мяркуе Аляксандар Сасноў. Ён не выключае, што звальненьні мінсітраў спатрэбяцца А.Лукашэнку ўвосень, калі будзе зафіксаваны неўраджай і калі рэзка падвысяцца кошты на энэрганосьбіты.

Паказальна, што Аляксандар Лукашэнка паабяцаў працаўладкаваць ўсіх звольненых міністраў, зазначыўшы, што яны ня ворагі яму асабіста і беларускаму народу. Гэта, відавочна, зроблена ім каб не ствараць новых апазыцыянэраў.

Аднак усе магчымыя адстаўкі міністраў, і гучныя звальненьні, і вызваленьні ад пасадаў на асабістую заяву ўжо ня здольныя кардынальна паўплываць на меркаваньне выбарцаў. Паводле апошняга красавіцкага сацыялягічнага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, меней як 32% рэспандэнтаў за эканамічныя цяжкасьці вінавацяць урад і 52% — асабіста Аляксандра Лукашэнку.

Тым часам пасьля ўчорашніх звальненьняў пачаліся пакараньні іншых чыноўнікаў, драбнейшага маштабу. Напрыклад, Менскі аблвыканкам звольніў дырэктара “Менскаблгандальпрадпраму”, дырэктара Лагойскага маслазаводу, рэкамэндавана звольніць шэраг іншых кіраўнікоў.