ЦІ ЁСЬЦЬ У БЕЛАРУСАЎ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ?

Галіна Абакунчык, Менск

Наконт таго, што такое нацыянальная ідэя і ці ёсьць яна ў беларусаў студэнты выказваліся па-рознаму, але разумеюць гэтую зьяву яны прыкладна аднолькава. Вось найбольш характэрныя адказы:

(Студэнтка: ) “Нацыянальная ідэя — гэта аднавіць нашую беларускую мову, як дзяржаўную і на міжнароднай арэне паказаць, што мы моцная і сапраўды незалежная дзяржава”.

(Студэнт: ) “Я лічу, што нацыянальная ідэя беларусаў — гэта родная мова, якую трэба разьвіваць і культываваць”.

(Студэнтка: ) “Нацыянальная ідэя — гэта аднаўленьне ўсёй сваёй гістарычнай спадчыны. Каб ня гналіся за модай, за расейскай мовай, а каб ведалі, што Беларусь мае глыбокія старажытныя карані. А то многія лічаць, што Беларусь — як Расея, адно і тое ж”.

(Студэнт: ) “Тое, што аб’ядноўвае нас — гэта простыя дачыненьні. А нейкія ідэі незалежнасьці — гэта вельмі складана ўвогуле. Бо ў нашай краіне вельмі складаная сытуацыя і з эканомікай, і з палітыкай”.

(Карэспандэнтка: ) “Што, па-вашаму, ёсьць нацыянальнай ідэяй беларусаў?”

(Студэнтка: ) “Беларуская культура, безумоўна. Трэба, каб больш выступалі беларускія артысты, сьпявалі на беларускай мове, на нашай. Каб радыё было беларускім, гэта ж усё наша. Беларуская культура, я думаю, аб’яднала бы ўсіх”.

(Студэнтка: ) “Нацыянальная ідэя для беларусаў перадусім – гэта нацыянальная сьвядомасьць. Бо большасьць з нас не адчувае сябе беларусамі. А гэта вельмі важна — адчуваць сябе беларусам”.

(Студэнт: ) “Нацыянальная ідэя — гэта наш беларускі дух. А дух — гэта тое, што ёсьць у нас у душы”.

Варта зазначыць, што ніводзін з маіх выпадковых суразмоўцаў-студэнтаў не сказаў, што ніколі не задумваўся пра нацыянальную ідэю альбо ня ведае, што гэта такое. І ніводзін не сказаў, што ў беларусаў нацыянальнай ідэі няма.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у беларусаў нацыянальная ідэя?”

(Студэнтка: ) “Я лічу, што ёсьць. Пэўна, для кожнага чалавека Беларусь — гэта яго радзіма. У мяне вельмі шмат знаёмцаў, якія выяжджалі за мяжу, і там яны казалі, што кожны дзень яны выходзілі й глядзелі на тую дарогу, якой яны паедуць дадому. Што туга па радзіме асабліва адчуваецца за мяжой”.

(Студэнт: ) “Нацыянальная ідэя, я лічу, гэта лад жыцьця, якім жыве беларускі народ стагодзьдзямі свайго існаваньня. Ён вельмі працавіты і цяпер — працуе, працуе, працуе і за гэта нічога не атрымлівае”.

(Студэнтка: ) “Нацыянальная ідэя залежыць ад кожнага беларуса, ад кожнага чалавека. Гэта калі кожны чалавек захавае хоць часьцінку таго, што засталося ад бабуль і дзядуляў і гэта складзе вялікія каштоўнасьці беларускага народу”.

(Карэспандэнтка: ) “На вашую думку, нацыянальная ідэя — гэта што?”

(Студэнт: ) “Гэта мір і добрасуседзкія стасункі з нашымі краінамі-суседзямі”.

(Студэнтка: ) “Я лічу, што нацыянальная ідэя — захаваньне сваіх традыцыяў. І нейкая самасьвядомасьць кожнага грамадзяніна, кожнага чалавека — яна абавязкова будзе. На гэтым будзе ўсё трымацца”.

(Студэнт: ) “Нацыянальная ідэя наўрад ці можа разгарнуцца ў наступныя 5–6 гадоў. Пакуль улады скіраваныя на тое, каб праводзіць рэабілітацыю старой савецкай ідэалёгіі, старой савецкай культуры. Да гэтага часу правесьці нацыянальную ідэю ў нас будзе вельмі цяжка”.

Гэта былі выказваньні студэнтаў Белдзяржунівэрсытэту пра нацыянальную ідэю беларусаў.