МАСКОЎСКІ КУПАЛА СТАНЕ Ў ГЛЫБОКІМ

Валянціна Аксак, Менск

Ідэя ўшанаваць памяць беларускага песьняра ў Маскве, дзе ён вучыўся ў маладосьці, а ў сталасьці загінуў, нарадзілася ў тамтэйшых суродзічаў амаль дзесяць гадоў таму. Спачатку меркавалася, што гэта будзе мэмарыяльная дошка на будынку ўнівэрсытэту Шаняўскага, у якім вучыўся Янка Купала. Але потым вырашылі, што дошкі замала і зьвярнуліся да скульптара Валяр’яна Янушкевіча з просьбаю зрабіць помнік. Неўзабаве паменшаны бронзавы макет помніка быў ухвалены грамадою, маскоўская мэрыя паабяцала даць яму месца на Кутузаўскім праспэкце ў Маскве.

Летась перад самым 120-годзьдзем Янкі Купалы, калі паўстала пытаньне пра фінансаваньне ўсталяваньня скульптуры, у справу ўмяшаліся беларускія ўлады і абвесьцілі конкурс найлепшага праекту. Распавядае адзін са старэйшых беларускіх дзеячоў Масквы Антон Сабалеўскі:

(Сабалеўскі: ) “На гэтым конкурсе яны праект Янушкевіча адхілілі. Янушкевіч згадзіўся з гэтым. Пасьля я выказаў думку набыць помнік для нашага нацыянальнага цэнтру”.

Год прайшоў у безвыніковых перамовах з уладамі Масквы наконт месца ўсталяваньня ўжо зробленага В.Янушкевічам помніка. І нядаўна спадар Сабалеўскі разам з сынам вырашыў выкупіць у скульптара бронзавага Купалу.

(Сабалеўскі: ) “А цяпер я вырашыў, а чаго гэты помнік будзе тут у Маскве недзе валяцца, пыліцца невядома ў каго — культурнага ж цэнтру ж так і няма. Я вырашыў, давай мы набудзем гэты помнік…”

Васьмідзесяцісантымэтровую скульптуру Купалы сям’я Сабалеўскіх прывезла ў родны горад Глыбокае ды падарыла гісторыка-этнаграфічнаму музэю. І музэйнікі, і мясцовыя ўлады ўзрадаваліся такому падарунку і выказалі шчырую падзяку свайму земляку. Гаворыць загадчыца аддзелу культуры Глыбоцкага райвыканкаму Марыя Паляк:

(Паляк: ) “Гэта адзін з самых дастойных сыноў нашай глыбоцкай бацькаўшчыны. Наша падзяка яму будзе выяўляцца ў тым, каб з помнікам пазнаёмілася як мага больш людзей. І пра чалавека пра гэтага, безумоўна, будзем гаварыць…”

Пра стварэньне Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музэю рупіўся яшчэ бацька Антона Сабалеўскага Аляксандар, які быў гісторыкам. Сам спадар Сабалеўскі, паводле прафэсіі вайсковы інжынэр-будаўнік, паўвеку жыве і працуе ў Маскве, але заўсёды імкнецца нешта зрабіць на карысьць роднага Глыбокага.

Што ж да вынікаў праведзенага летась конкурсу на помнік Янку Купалу ў Маскве, то ў ім пераможцам названы эскіз Льва Гумілеўскага, помніка паводле якога дасюль няма. Ні старшыня нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расеі Францішак Каўрыга, ні намесьнік міністра культуры Беларусі Валеры Гедройц нічога пэўнага наконт таго, калі і дзе ён будзе ўсталяваны, не сказалі.