БУДЫНАК КОЛАСАЎСКАГА ЛІЦЭЮ МОГУЦЬ ЗАКРЫЦЬ НА КАПІТАЛЬНЫ РАМОНТ

Любоў Лунёва, Менск

Бацькі ліцэістаў штодня наведваюць гарадзкі аддзел адукацыі, каб пачуць адказы на пытаньні: ці будуць у новым ліцэі выкладаць па-беларуску і калі будуць працаўладкоўваць выкладчыкаў. Зь неафіцыйных крыніцаў стала вядома, што будынак ліцэю зьбіраюцца зачыніць на капітальны рамонт.

Бацькі лічаць, што менавіта з гэтае прычыны ім не даюць адказаў на іхныя пытаньні. Яны непакояцца, што будынак зачыняць на няпэўны тэрмін, каб такім чынам зрабіць не фармальную, а сапраўдную ліквідацыю беларускага гуманітарнага ліцэю. Бацькі не пагаджаюцца пераводзіць сваіх дзяцей у звычайныя школы па месцы жыхарства.

(Занкевіч: ) “Я як маці вельмі хвалююся за псыхалягічны стан майго дзіцяці. Ён год правучыўся ў ліцэі. Я бачу, як яму там падабаецца. Новыя сябры, новыя інтарэсы. Ну, ня хочацца аддаваць яго ў якую-небудзь школу. Зноў паўстае пытаньне зь беларускай мовай. Гэта нашае прынцыповае рашэньне. Ён і сам таго жадае. Школа, у якой мы вучыліся, яна ня самая горшая, але адукацыю на беларускай мове там ніхто цалкам не дае. Ня ўсе настаўнікі ў гэтым зацікаўленыя. Паведаміць дзіцяці, што ён зноў вернецца ў школу, я, як маці, не магу… Ён сам гаворыць: “Альбо я буду вучыцца ў ліцэі, альбо рабіце, што хочаце”.

У гарадзкім аддзеле адукацыі не абверглі й не пацьвердзілі, што будынак можа быць зачынены на капрамонт. Тацяна Злобіна, намесьніца старшыні Камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму, спаслалася на пастанову Цэнтру эпідэміялёгіі Ленінскага раёну Менску аб тым, што ў ліцэі павінна працаваць сталовая і, што будынак знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным стане. Спадарыня Злобіна пацьвердзіла, што пакуль ідзе праца камісіі па ліквідацыі навучальнай установы, праводзіцца абсьледаваньне будынка наконт неабходнасьці рамонту.

(Злобіна: ) “Будзе прынятае рашэньне: калі ставіць будынак на капітальны рамонт, на які тэрмін. Дзе будуць вучыцца дзеці? Магчыма, знойдуць нейкае іншае памяшканьне. Ну, калі прынялі рашэньне аб стварэньні менскага гарадзкога ліцэю, то размова ідзе аб тым, што дзеці павінны атрымаць ліцэйскую адукацыю”.

Бацькі ліцэістаў настроеныя рашуча. Яны кажуць, што ў выпадку закрыцьця будынку дзяцей разьмяркуюць у школы па месцы жыхарства, тым больш, што загаду аб стварэньні новага гарадзкога ліцэю пакуль ніхто ня бачыў. Два тыдні таму выкладчыкаў і бацькоў ліцэістаў азнаёмілі з пастановай аб ліквідацыі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю, але аб стварэньні новага, гарадзкога ліцэю паведамілі толькі вусна.

Нагадаем, што Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Я.Коласа быў ліквідаваны з фармулёўкай “у мэтах аптымізацыі навучальнага працэсу”.