МІЛІЦЫЯНТЫ ЗЬБІЛІ ДЭПУТАТКУ КРУГЛЯНСКАГА РАЙСАВЕТУ

Аляксандар Сердзюкоў, Круглае

Дэпутатка вярталася дахаты ўвечары, калі да яе нечакана падышлі два міліцыянты і запыталі ейнае прозьвішча. Калі Зінаіда Мялешчанка прадставілася дэпутатам Круглянскага райсавету, яе запрасілі прайсьці ў дом і запатрабавалі, каб яна выдала ім заявы выбарцаў. На просьбу паказаць дакумэнты і ордэр на ператрус міліцыянты не прарэагавалі, а бяз згоды гаспадыні забеглі ў дом.

Адзін імпэтны супрацоўнік міліцыі (як потым стала вядома, ягонае прозьвішча Кулажкін) абураўся тым, што на прыём да дэпутаткі ходзіць шмат выбарцаў. Як высьветлілася, у доме ён шукаў пісьмовую заяву жанчыны, якая зьвярнулася да дэпутаткі з просьбай вырашыць яе побытавыя праблемы. Зінаіда Мялешчанка адмовілася паказаць паперу, пасьля чаго яе абражалі і запалохвалі. Калі яна паспрабавала выбегчы з дома, ёй парвалі вопратку, прыціснулі дзвярыма і сталі зьбіваць. Яна лічыць, што гэткі інцыдэнт выкліканы яе актыўнай дэпутацкай і палітычнай дзейнасьцю.

(Мялешчанка: ) “Я сябар партыі і дэпутат. Так атрымалася, што мяне абралі людзі, і да мяне зьвяртаюцца ня толькі з майго ўчастку, але і зь іншых участкаў. Я, канечне, імкнуся ім дапамагчы. І нярэдка інтарэсы гэтых людзей сутыкаюцца з інтарэсамі ведамстваў, зь міліцыяй, з экалягічнымі службамі, і іншымі вэртыкальнымі службамі”.

Нейкі час таму ў спн. Мялешчанкі пачаліся непрыемнасьці зь міліцыяй. Двойчы правяралі ейную прапіску, патрабавалі пашпарт, цяпер — спроба ператрусу.

Абураная Зінаіда Мялешчанка пайшла ў раённы аддзел міліцыі. Намесьнік начальніка аддзелу спадар Ермалаеў назваў прозьвішчы гэтых міліцыянтаў — летэйнанты Кулажкін і Стамброўскі, і паабяцаў, што за свавольства іх, магчыма, прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці. Дэпутатка зьвярнулася ў магілёўскае аддзяленьне Беларускага Гельсынскага камітэту і раённую пракуратуру.

У Круглянскай раённай пракуратуры мяне запэўнілі, што скаргу дэпутаткі рагледзяць своечасова і віноўнікі будуць пакараныя. А пакуль пацярпелая жанчына зьняла пабоі ў абласной судовай мэдычнай экспэртызе і паведаміла пра свой намер зьвярнуцца ў суд.