АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА: “НАШАЯ ЗАДАЧА – ПАДШТУРХОЎВАЦЬ І БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ, І АСАМБЛЕЮ ДА ВЫКАНАНЬНЯ ГЭТАГА ДАКУМЭНТУ”

Ул. інф.

(Лябедзька: ) “Ратэрдамская сэсія ўжо стала гісторыяй, але дакумэнты, якія прынятыя, разьлічаныя не на мінулае, а на пэрспэктыву, і з гэтага пункту гледжаньня мы разглядаем і рэзалюцыю па Беларусі, якая была прынятая спачатку камітэтам, а потым і сэсіяй Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Погляд скептыкаў - прынятая чарговая паперына, якая не вырашае па сутнасьці беларускага пытаньня. Разам з тым, трэба адзначыць, што ёсьць і пэўныя адметнасьці прыняцьця гэтага дакумэнту. Было прадэманстравана афіцыйнаму Менску, што аднаўленьне статусу Нацыянальнага сходу ня ёсьць зьняцьцём беларускага пытаньня з парадку дня на Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Асамблея яшчэ раз прадэманстравала, што ёсьць прынцыпы, і яны пасьлядоўна будуць выступаць за тое, каб гэтыя прынцыпы рэалізоўваліся ў Беларусі. Па-другое, там закладзены мэханізм мажлівага непрызнаньня парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, калі яны будуць праведзеныя ў адпаведнасьці зь існуючым заканадаўствам і практыкай яго рэалізацыі. І я думаю, менавіта гэты пункт стаў прычынай актыўнай дзейнасьці беларускай дыпляматыі, і расейскай дэлегацыі, каб не была прынятая гэтая рэзалюцыя. Па сутнасьці, гэты дакумэнт ёсьць нічым іншым. як хатнім заданьнем для афіцыйнага Менску, і разам з тым, гэта праграма канкрэтных дзеяньняў для Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Нашая задача - падштурхоўваць і беларускія ўлады, і Асамблею да выкананьня гэтага дакумэнту".