МІНІСТЭРСТВА ДРУКУ РАСЕІ БУДЗЕ ДАМАГАЦЦА АДНАЎЛЕНЬНЯ ДЗЕЙНАСЬЦІ ТЭЛЕКАМПАНІІ НТВ У БЕЛАРУСІ

Віталь Тарас, Прага

Каэгарычную нязгоду з рашэньнем беларускіх уладаў выказаў сёньня сьпікер Дзяржаўнай думы Генадзі Селязьнёў. “Гэтае рашэньне мне падаецца, прынамсі, пасьпешлівым”, – заявіў ён у прыватнасьці. Паводле словаў Селязьнёва, “яно не садзейнічае ўмацаваньню Саюзу Беларусі й Расеі...” “Калі нашыя браты-беларусы маюць падобныя законы, якія дазваляюць зачыняць карпункты расейскіх СМІ, дык канечне, трэба гэтыя законы пераглядаць”, – заявіў сьпікер расейскай Думы.

Факт закрыцьця бюро расейскай тэлекампаніі НТВ у Беларусі сёньня камэнтуюць большасьць буйных расейскіх газэтаў. Ужо самі назвы публікацыяў у сёньняшняй прэсе ўтрымліваюць ацэнку ўчорашняй падзеі. Вось толькі некаторыя зь іх: “Карпункт НТВ “ўрачыста” выдаляць з Менску” (“Газета”), “НТВ выгналі зь Беларусі” (“Время новостей”) “Прэзыдэнт Лукашэнка губляе расейскіх тэлегледачоў” (“Коммерсантъ”), “НТВ у падпольлі” (“Ведомости”), “Карпункт НТВ у Беларусі зачынены канчаткова” (“Новые Известия”).

Газэта “Коммерсантъ” піша, што ў Маскве рашэньне беларускіх уладаў расцанілі скрайне нэгатыўна. Міністэрства друку Расейскай Федэрацыі назвала гэта ціскам на расейскі Сродак масавай інфармацыі і адкрытым парушэньнем такіх “фундамэнтальных дэмакратычных нормаў, як свабода слова і незалежнасьць прэсы”. Дарэчы, крыніца ў адміністрацыі прэзыдэнта Пуціна паведаміла іншай маскоўскай газэце , што афіцыйная рэакцыя Расеі на здарэньне выказаная Міністэрствам друку, і яе падзяляюць у Крамлі.

Першы намесьнік генэральнага дырэктара НТВ Аляксандар Герасімаў заявіў у інтэрвію газэце “Коммерсантъ”: “Урад Беларусі паступіў прынамсі неразумна. Таму што НТВ да сёньняшняга дня заставалася адзіным расейскім каналам, які даваў слова Лукашэнку і расказваў аб тым, што адбываецца ў рэспубліцы. Зразумела, што такое рашэньне ўраду, як мінімум, санкцыянаванае Лукашэнкам. Улічваючы, што мы жывем у віртуальнай прасторы, і тое, што не паказваецца па тэлебачаньні, проста адсутнічае як зьява, дык атрымліваецца, што спадар Лукашэнка проста спыніць існаваньне”. На пытаньне – як НТВ зьбіраецца далей атрымліваць інфармацыю зь Беларусі, Герасімаў адказаў: “Спосабаў, дзякаваць Богу, дастаткова. Пакуль Лукашэнка не агарадзіў Беларусь калючым дротам, у нас інфармацыя будзе. Але адзін прыклад ёсьць – Туркмэністан. Падобна, што Беларусь да гэтага ідзе”.

Генэральны дырэктар “Газпром –Медиа”, галоўнага акцыянэра НТВ, Аляксандар Дыбаль сказаў газэце “Ведомости”, што ў кампаніі “зьдзіўленыя і расчараваныя пазыцыяй беларускіх афіцыйных уладаў. Мы лічым, што НТВ займае вельмі ўзважаную і нэўтральную пазцыю, і яна нічым не адрозьніваецца ад таго, як асьвятляюцца навіны ўнутры Расеі і ў іншых дзяржавах”.

“Ведомости” нагадваюць, што у Газпрама маюцца нявырашаныя адносіны з Лукашэнкам. Газпрам мае намер атрымаць кантрольны пакет акцыяў Белтрансгазу за балянсавы кошт, а беларускі бок прапануе 49% кампаніі за 2,5 мільярда даляраў. А на мінулым тыдні Лукашэнка моцна лаўся на Газпрам: “Калі пакупнік мае грошы – прыходзь і купляй. Няма грошай – сыходзь і не вымольвай. А круцялі за бясцэнак нашу ўласнасьць ня возьмуць”.

Газэта прыводзіць і меркаваньне прэсавага сакратара дзяржаўнага сакратара так званай Саюзнай дязржавы Беларусі й Расеі Аляксандра Макушка. На ягоную думку, гэтае “неканструктыўнае” рашэньне “магло быць выкліканае недобрасумленнай даведкай, якую маглі падрыхтаваць у атачэньні Аляксандра Рыгоравіча”.

Андрэй Рабаў з Маскоўскага цэнтру Карнэгі заявіў газэце “Ведомости”, што лічыць верагодным сцэнар зьмены ўнутрыпалітычнага курсу Беларусі ў бок дыстанцыяваньня ад Расеі. “Я ахвотна веру, што ў Беларусі такое разьвіцьцё падзеяў “адпрацоўваецца” і праходзяць вучэньні на гэтую тэму”. На завяршэньне газэта прыводзіць словы віцэ-сьпікера дзяржаўнай думы ад СПС Ірыны Хакамады, якая летась была дэпартаваная зь Менску разам зь лідэрам СПС Барысам Нямцовым. Яна раіць Крамлю здаумацца над тым, “ці не занадта рана ствараем сумесныя органы ўлады, замест таго, каб стымуляваць разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі”.