ПАВАЛ СЕЛІН: ЛУКАШЭНКА ПАЗБАВІЎ СЯБЕ АДЗІНАЙ МАГЧЫМАСЬЦІ АДКАЗВАЦЬ КРАМЛЮ

Віталь Тарас, Прага

Цяпер Павал Селін знаходзіцца ў адпачынку, і вось што ён паведаміў нам па тэлефоне а трэцяй гадзіне менскага часу:

(Селін: ) “Мне пазванілі зь Менску – праўда, ня з нашага бюро, бо яго супрацоўнікі былі на здымках, яны спрабуюць яшчэ працягваць працу. Вядома, што сёньня, быццам бы, прынятая пастанова Савету Міністраў Беларусі аб закрыцьці карпункту НТВ ў Менску з магчымасьцю аднаўленьня працы не раней, як праз паўгоду. Яна будзе апублікаваная і ўступіць у сілу заўтра. А пакуль мы маем інфармацыю з надзейных крыніц, як кажуць”.

Я запытаўся ў Паўла Селіна – ці прадбачыў ён і ягоныя калегі пасьля рашэньня беларускіх уладаў дэпартаваць карэспандэнта НТВ зь Менску, што гэтая гісторыя будзе мець яшчэ больш сур’ёзныя наступствы і кіраўніцтва Беларусі пойдзе на абвастрэньне канлфікту ды закрыцьцё бюро НТВ. Вось што адказаў на гэта Павал Селін:

(Селін: ) “Безумоўна, такія асьцярогі былі, бо ўсе цудоўна разумеюць, што ўся гэтая сытуацыя – справа прынцыпу. Таксама як для нас, НТВ, справай прынцыпу ёсьць гаварыць праўду аб сытуацыі ў Беларусі, і мы не маглі маўчаць аб тым, што адбывалася на пахаваньні Васіля Быкава – гэтак сама, напэўна, і для беларускіх уладаў, найперш, для прэзыдэнта Лукашэнкі, гэтая сытуацыя ёсьць справай прынцыпу. І ён, бачыце, вырашыў ісьці да канца, хоць я лічу, што гэта адзін з найбольш недальнабачных учынкаў беларускіх уладаў. Справа ў тым, што НТВ – адзіная крыніца для Лукашэнкі для таго, каб данесьці свой пункт погляду да расейскай, перш за ўсё, і ў другую чаргу – да ўсясьветнай аўдыторыі. Я магу нагадаць восень мінулага году, вядомы скандал паміж Пуціным і Лукашэнкам, зьвязаны з мухамі і катлетамі, калі памятаеце, калі Пуцін фактычна пайшоў на вельмі жорсткае абвастрэньне, і адзіны канал, які даў магчымасьць Лукашэнку агучыць свой пункт погляду на ўвесь сьвет – гэта было НТВ, бо на іншых фэдэральных расейскіх каналах – ОРТ, РТР... Мы ж цудоўна разумеем, што яны дзейнічаюць так, як ім скажа Крэмль. І таму для Лукашэнкі гэта таксама быў, я думаю, вельмі няпросты крок – пазбавіць сябе адзінай магчымасьці нейкім чынам адказваць Крамлю. Але нічога дзіўнага для мяне няма, бо яшчэ раз кажу – гэта як для нас справа прынцыпу, гэтак і для беларускага кіраўніцтва”.