МІНУЛА ТРЫ ГАДЫ АД ЗЬНІКНЕНЬНЯ АПЭРАТАРА ОРТ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мінула ўжо тры гады, як па дарозе ў аэрапорт “Менск-2” зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі, беларускі журналіст, які да расейскай тэлевізійнай кампаніі працаваў асабістым апэратарам Аляксандра Лукашэнкі на Беларускім тэлебачаньні. У Беларусі шмат хто зьвязвае зьнікненьне Завадзкага зь дзейнасьцю “эскадрону сьмерці” — тайнай групоўкі зьнішчэньня праціўнікаў кіроўнага рэжыму, створанай у нетрах сілавых структураў.

Сапраўды ёсьць дастаткова падставаў меркаваць, што 28-гадовы Зьміцер Завадзкі стаў ахвярай гэтых людзей, якія годам раней паквіталіся зь вядомымі апазыцыянэрамі Юрыем Захаранкам, Віктарам Ганчаром і бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім, які фінансава дапамагаў апазыцыі.

Адзначаецца між тым, што афіцыйнае расьсьледаваньне вэрсію пра палітычны характар справы Завадзкага старанна абышло. Паводле гэтай справы былі асуджаныя чатыры чалавекі, прызнаныя вінаватымі ў бандытызьме з выкраданьнем людзей, аднак цела Завадзкага гэтак і не было знойдзенае, не агалошаныя і зьвесткі экспэртызы з рэшткамі чалавека, магчыма Завадзкага.

Грамадзкая камісія з удзелам вядомых праваабаронцаў і дэпутатаў ня згодная з афіцыйнымі высновамі, паводле якіх Зьміцер Завадзкі нібыта стаў ахвярай звычайных бандытаў. Сёньня на сустрэчы з роднымі зьніклага журналіста дэпутат Нацыянальнага сходу Валеры Фралоў паведаміў новыя факты, якія сталі вядомыя ў выніку грамадзкага расьсьледаваньня справы.

(Фралоў: ) “Ёсьць сьведкі, якія сачылі за аўтамабілем Завадзкага ў аэрапорце. Яны сьцьвярджаюць, што калі аўтамабіль прыехаў, зь яго выйшаў чалавек, які ня быў сярод тых, каго пазьней асудзілі. І гэта дакладна ня быў Зьміцер Завадзкі”, — казаў генэрал, сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў.

Паводле адваката Гары Паганяйлы, найбольш пэрспэктыўным у высьвятленьні праўды пра зьнікненьні будзе зварот у міжнародныя судовыя інстанцыі. Такі варыянт якраз рыхтуецца. Мяркуецца, што сваякі Завадзкага зьвернуцца ў суд Бэльгіі. Што да спробаў актывізаваць расьсьледаваньне праз Расею, то тут, як адзначыла Сьвятлана Завадзкая, апошнім часам назіраецца штыль. Расейскія дэпутаты і службовыя асобы не дэманструюць зацікаўленасьці ў вырашэньні гэтай праблемы. “У мяне ўражаньне, што ў Расеі гэтую тэму падымаюць толькі калі ім трэба неяк націснуць на беларускія ўлады, а потым забываюцца”, — паведаміла Сьвятлана Завадзкая.