АРЫШТАВАНУЮ КАРЦІНУ АЛЯКСЕЯ МАРАЧКІНА ВЯРНУЛІ АЎТАРУ

Валянціна Аксак, Менск

Пра тое, што ягоная, адмыслова напісаная да выставы з нагоды гістарычнага юбілею карціна “Сьляза Міндоўга”, зьнятая з экспазыцыі, адміністрацыя Палацу мастацтваў паведаміла Аляксею Марачкіну за некалькі гадзінаў да адкрыцьця. Мастак прыехаў, каб забраць твор ды зрабіць яго прэзэнтацыю ў іншым месцы адразу пасьля адкрыцьця асноўнае выставы. Аднак твор яму не аддалі. Распавядае Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Там проста дэтэктыў цэлы быў. Галоўная захавальніца фондаў Тацяна Мусінская гаворыць, што ключ там, у дырэкцыі, у шафе ў Надзеі Зелянко. Я ёй з кабінэту Зелянко тэлефаную, што тут не знаходзяць ключ, то яна мне са сьлязамі гаворыць, што ёй загадана не аддаваць карціну…”

Творы з экспазыцыяў мастацкае суполкі “Пагоня” здымалі цягам апошніх гадоў і на папярэдніх выставах. Але рабілі тое гэтак званыя экспэртныя камісіі Саюзу мастакоў. Цяпер жа ў палац прыйшлі невядомыя людзі, выклікалі дырэктара Леаніда Хобатава і загадалі яму зачыніць карціну Марачкіна. Што выканаўшы, дырэктар адразу зьехаў, не даючы ніякіх камэнтароў журналістам.

Спадар Марачкін працягвае:

(Марачкін: ) “Справа ня толькі ў маёй карціне. Справа ў тым, што адноўленая камісія нагляду за выстаўнай дзейнасьцю. Не за ўсімі выставамі, а за тымі, на каторых могуць праявіцца некаторыя тэндэнцыі зь іхнага гледзішча. І камісія гэтая ўжо, як бачым, працуе. Яна дзейнічае пры Міністэрстве культуры сумесна з чыноўнікамі Менгарвыканкаму. Але хто ў яе ўваходзіць і хто старшыня, гэта, як кажуць, таямніца, якой ніхто з нас ня ведае”.

Гісторыя з арыштам карціны цягнулася тры дні. Сёмага ліпеня адміністрацыя палацу вярнула твор аўтару. Аляксей Марачкін спадзяецца, што да канца тыдня ён здолее знайсьці месца, дзе прзэнтуе шматлікім прыхільнікам сваёй творчасьці пацярпелую ад цэнзуры карціну. Дарэчы, выстава суполкі “Пагоня”, прысьвечаная 750-годзьдзю каранацыі Міндоўга, будзе экспанавацца ў Палацы мастацтваў таксама толькі да канца гэтага тыдня.