“У БЕЛАРУСІ НЕ ДАЗВАЛЯЕЦЦА СЬВЯТКАВАЦЬ УГОДКІ БІТВЫ ПАД ГРУНВАЛЬДАМ”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Gazeta Wyborcza” адзначае, што гарадзенскія ўлады адмовілі арганізатарам сьвяткаваньня ўгодкаў грунвальдзкай бітвы, выкарыстоўваючы відавочна фармальныя прычыны. І гэта пры тым, што Горадня мае непасрэднае дачыненьне да тых гістарычных падзеяў – менавіта з гэтага гораду, пасьля набажэнства ў царкве Барыса і Глеба, на Грунвальд рушылі праваслаўныя харугвы Вялікага Княства Літоўскага.

Адметна, што падзеі ў Горадні як бы ў паменшаным выглядзе нагадваюць тое, што апошнім часам адбываецца зь беларускай прысутнасьцю ў Польшчы падчас сьвяткаваньня ўгодкаў перамогі нашых продкаў пад Грунвальдам. У Горадні па дазвол на сьвяткаваньне да тамтэйшых уладаў зьвярнуліся беларусы, літоўцы і палякі, аднак гарадзенскія чыноўнікі ім адмовілі, як бы не ўважаючы грунвальдзкую бітву за істотную падзею. Гэтаксама афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі адмаўляюцца браць удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды перамогі над крыжакамі, якія штогод ладзяцца ў Польшчы. У выніку над грунвальдзкім полем афіцыйна лунаюць толькі два сьцягі – польскі і літоўскі, а ў Грунвальд прыяжджаюць урадавыя дэлегацыі Ўкраіны і нават Расеі, але не Беларусі.

Шматлікія бела-чырвона-белыя сьцягі відаць ў рыцарскім лягеры ці сярод гледачоў-беларусаў – менавіта яны і рэпрэзэнтуюць Беларусь на сьвяткаваньні.

Гаворыць войт гміны Грунвальд Генрык Каспшак.

(Каспшак: ) “Каб з афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі нехта браў удзел у сьвяткаваньні, я нават ня памятаю. Прыкладам афіцыйныя асобы зь Літвы ці Ўкраіны заўсёды зьвяртаюцца, і я з задавальненьнем дасылаю ім запрашэньні. А зь Беларусі ніхто з афіцыйных асобаў папросту не зьвяртаецца. Мы маем тут толькі беларускіх рыцараў”.

Варта адзначыць, што, паводле меркаваньняў адмыслоўцаў, сярод тых, хто бярэ ўдзел у інсцэнізацыі грунвальдзкай бітвы, беларускія рыцарскія клюбы лічацца аднымі з найлепшых.

Увогуле, угодкі перамогі над крыжакамі пад Грунвальдам у Польшчы сьвяткуюцца зь вялікім размахам. Акрамя інсцэнізацыі самой бітвы, у якой бяруць удзел некалькі тысячаў рыцараў, на грунвальдзкім полі маладыя жаўнеры польскага войска прымаюць прысягу, а сотні скаўтаў, у тым ліку і зь Беларусі, трымаюць ганаровую варту ў памяць палеглых продкаў.

Летась узяць удзел у сьвяточных мерапрыемствах з нагоды перамогі ваяроў Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага пад Грунвальд прыехалі каля 80 тысячаў турыстаў.