У школе прыгараднай вёскі Экімань да апошняга часу займаліся 42 вучні, прычым заняткі ішлі выключна па-беларуску. Цяпер усіх іх плянуюць перавесьці ў школы левабярэжнай часткі Полацку, дзе цяпер няма ня толькі беларускіх школаў, але й асобных клясаў. Робіцца гэта бяз згоды бацькоў і саміх вучняў, што зьяўляецца парушэньнем іхнага канстытуцыйнага права выбару мовы навучаньня.
Сёньня ў Экіманскай школе адбыўся бацькоўскі сход, на якім прагучалі пытаньні: як псыхалягічна адаб’ецца на дзецях пераход з аднае мовы навучаньня на другую, і чаму ў Полацку адсутнічаюць беларускія школы?